Пошук

Францішак: паставіць братэрства ў цэнтр жыцця народаў

Каб гарантаваць трывалы мір, неабходна вярнуцца да прызнання нашай агульнай чалавечнасці, - звярнуўся Папа да ўдзельнікаў міжнароднай сустрэчы #BeHuman.

Марыя Валодзіна - Vatican News

11 мая 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў Другой сусветнай сустрэчы па пытаннях чалавечага братэрства #BeHuman (Быць чалавекам), арганізаванай Фондам Fratelli Tutti. У ініцыятыве прымаюць удзел 30 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, а таксама навукоўцы, эканамісты, дзеячы культуры і іншыя. Мэта падзеі – аднавіць заклік да братэрства, як альтэрнатывы войнам і беднасці.

“На планеце, ахопленай полымем, вы сабраліся, каб паўтарыць Не вайне і Так міру”, засведчыць пра чалавечнасць і братэрства, якія аб'ядноўваюць нас, прынесці ў дар адзін аднаму вашы адпаведныя культурныя адрозненні, - звярнуўся да гасцей Францішак.

Папа нагадаў знакамітыя словы Марціна Лютэра Кінга аб тым, што мы “навучыліся лётаць, як птушкі, плаваць, як рыбы, але мы ўсё яшчэ не навучыліся жыць разам, як браты”. Як гэтаму навучыцца? Якім чынам, канкрэтным чынам, можна развіваць мастацтва чалавечага суіснавання? – запытаў Святы Айцец.

У энцыкліцы Fratelli Tutti гаворыцца аб тым, што ключавую ролю грае спачуванне. У Евангеллі ад Лукі (пар. 10, 25-37) Езус распавядае пра міласэрнага самараніна, які набліжаецца да ледзь жывога яўрэя, пакінутага разбойнікамі на абочыне дарогі. Францішак звярнуў увагу на гэтых двух мужчын: іх культуры былі варожымі, іх гісторыі адрозніваліся і канфліктавалі, але адчуўшы спачуванне, адзін становіцца братам другога.

Спасылаючыся на тэматычныя круглыя сталы, якія пройдуць у другой палове дня ў Ватыкане і Рыме ў рамках сустрэчы BeHuman, Францішак адзначыў, што прынцып братэрства можа “прапанаваць нешта пазітыўнае свабодзе і роўнасці”. Ён заклікаў удзельнікаў сустрэчы рухацца наперад у працы, вынікам якой можа стаць Хартыя чалавечнасці, якая “разам з правамі чалавека, уключала бы паводзіны і практычныя абгрунтаванні таго, што робіць нас больш чалавечнымі ў жыцці”.

Святы Айцец падбадзёрыў гасцей, заклікаючы іх не адчайвацца, таму што трывалы і адважны дыялог “у адрозненне ад непаразуменняў і канфліктаў, не становіцца навіной, але ціха дапамагае свету жыць значна лепей, чым мы сабе ўяўляем”. (Fratelli Tutti , 198).

Пантыфік падзякаваў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі як за Дэкларацыю аб чалавечым братэрстве, падпісаную 10 чэрвеня 2023 года, так і за намаганні па стварэнню граматыкі чалавечнасці, на якой можна будзе засноўваць свой выбар і паводзіны.

“Вайна – гэта падман, таксама як і ідэя міжнароднай бяспекі, заснаванай на запалохванні. Гэта таксама падман. Каб гарантаваць трывалы мір, неабходна вярнуцца да прызнання нашай агульнай чалавечнасці і паставіць братэрства ў цэнтр жыцця народаў. Толькі тады мы зможам распрацаваць мадэль суіснавання, якая можа даць будучыню чалавечай сям'і”, - сказаў Францішак, дадаючы, што “палітычны мір патрабуе супакою ў сэрцах, каб людзі маглі сустракацца, упэўненыя, што жыццё заўсёды перамагае над любой формай смерці”.

Развітваючыся з гасцямі, Папа заклікаў вучыцца ў маладых людзей, якія, як і ў мінулым годзе, увечары 11 мая збяруцца на плошчы святога Пятра. “Зірнем на іх, будзем вучыцца ў іх, як вучыць нас Евангелле: “Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае”. (Мц, 18,3).

11 мая 2024, 11:20