Пошук

Францішак: спрыяць справядлівай і годнай працы для ўсіх

Пра годнасць працы і клопат пра стварэнне нагадаў Папа ўдзельнікам экспертнай кансультацыі "Клопат – гэта праца, праца – гэта клопат" (Care is Work, Work is Care), арганізаванай Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Марыя Валодзіна - Vatican News

8 мая 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў і партнёраў Міжнароднай арганізацыі працы, біскупскіх канферэнцый, манаскіх кангрэгацый, каталіцкіх і іншых рэлігійных арганізацый, прафсаюзаў і грамадзянскай супольнасці, якія ўдзельнічалі ў праекце Будучыня працы: праца пасля Laudato Si’ (The Future of Work: Labour after Laudato Si’). У рамках праекта цягам шасці гадоў эксперты займаліся пошукам інавацыйных мадэляў справядлівай і годнай працы для ўсіх людзей у свеце. Плануецца, што бягучая кансультацыя дазволіць перайсці да другога этапу праекта. Удзельнікі разгледзяць пяць пытанняў, якія маюць вырашальнае значэнне для грамадства ў цэлым.

У сваёй прамове Святы Айцец коратка спыніўся на гэтых пытаннях. Першая тэма – годная праца і здабываючая прамысловасць. Важна надаваць пільную ўвагу ўмовам працы, уздзеянню на навакольнае асяроддзе, на фізічнае і псіхічнае здароўе работнікаў, а таксама іх бяспецы.

Другая тэма – годная праца і харчовая бяспека. Папа нагадаў, што ў 2023 годзе больш за 280 мільёнаў чалавек у 59 краінах і тэрыторыях пакутавалі ад вострага недахопу харчавання. Такія фактары, як войны, стыхійныя бедствы, экстрэмальныя надворныя з'явы, змяненне клімату і эканамічныя ўзрушэнні пагаршаюць сітуацыю і вядуць да адсутнасці харчовай бяспекі. Структурнымі фактарамі ўразлівасці з'яўляюцца таксама беднасць, высокая залежнасць ад імпарту харчавання і слабаразвітая інфраструктура.

Трэцяе пытанне тычыцца ўзаемасувязі годнай працы і міграцыі. Мігранты часта разглядаюцца як праблема і эканамічны цяжар, у той час як насамрэч яны працуюць і спрыяюць эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю краін, а таксама павелічэнню нараджальнасці. Нягледзячы на гэта, многія мігранты з'яўляюцца грамадзянамі другой [катэгорыі], пазбаўленыя медыцынскай дапамогі, догляду, фінансавай абароны і сацыяльных паслуг.

Чацвёрты пункт – адносіны паміж годнай працай і сацыяльнай справядлівасцю. У сучасным грамадстве існуе рызыка пасіўнага ўспрымання таго, што адбываецца вакол нас, з-за пэўнай абыякавасці альбо з-за няздольнасці знайсці адэкватныя адказы на складаныя праблемы. Аднак такім чынам мы дапускаем рост сацыяльнай няроўнасці і несправядлівасці, у тым ліку і на працы, адзначыў Пантыфік.

Нарэшце, апошні аспект – гэта годная праца і экалогія. Прымаючы пад увагу ўзаемазалежнасць працы і навакольнага асяроддзя, неабходна пераасэнсаваць тыя віды працы, якія лепш за ўсё спрыяюць клопату аб нашым агульным доме, асабліва з пункту гледжання неабходных крыніц энергіі, лічыць Францішак.

“Дарагія браты і сёстры, гэтыя пяць аспектаў уяўляюць сабой сур'ёзныя праблемы. Я дзякую вам за тое, што вы прымаеце гэтыя выклікі і вырашаеце іх з запалам і кампетэнтнасцю. Свет павінен узяць на сябе новае абавязацельства, заключыць новую сацыяльную дамову, якая магла б аб'яднаць нас, старэйшае і маладое пакаленні, дзеля клопату пра стварэнне, салідарнасці і ўзаемнай абароны ў чалавечай супольнасці”, - завяршыў сваю прамову Папа, благаслаўляючы гасцей і просячы іх маліцца аб ім.

08 мая 2024, 11:08