Пошук

Францішак сустрэўся са святарамі Рымскай дыяцэзіі

У другой палове дня 3 мая 2024 года Францішак здзейсніў візіт у рымскую базіліку Святога Крыжа ў Ерузалеме, дзе сустрэўся са святарамі, якія нясуць служэнне ў цэнтральным сектары Рымскай дыяцэзіі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сустрэча праходзіла за закрытымі дзвярыма. У ёй бралі ўдзел пастыры 38 мясцовых парафій, а таксама некалькі бальнічных капеланаў. Размова працягвалася каля дзвюх гадзін.

Святары маглі задаць пытанні Святому Айцу. Гаворка ішла пра розныя аспекты душпастырскай дзейнасці Касцёла, такія як праблемы і патэнцыял парафій у гістарычным цэнтры Рыма, дапамога пажылым людзям і мігрантам, падрыхтоўка да Юбілею 2025 года, прыняцце пілігрымаў.

Дапаможны біскуп Рымскай дыяцэзіі Бальдасарэ Рэйна зазначыў, што Папа ахвотна распавядаў пра свой святарскі досвед і даў некалькі парад адносна пастырскага служэння ў цэнтры вялікага горада. Удзельнікі сустрэчы выказалі сваё задавальненне візітам Пантыфіка і яго бацькоўскім клопатам.

Візітам у рымскую базіліку Святога Крыжа ў Ерузалеме Францішак завяршыў серыю сустрэч з духавенствам пяці сектараў Рымскай дыяцэзіі, мэтай якіх быў свабодны абмен думкамі і абмеркаванне актуальных тэм, звязаных з душпастырствам.
 

04 мая 2024, 08:11