Пошук

Пантыфік сустрэўся з маладымі святарамі Рымскай дыяцэзіі

Пантыфік працягвае сустракацца з духавенствам Рыма. 29 мая 2024 года ён абмеркаваў душпастырскія выклікі з 90 святарамі, якія атрымалі пасвячэнне менш за 10 гадоў таму.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сустрэча стала другой у серыі кансультацый Папы з рымскім духавенствам розных узроставых груп. 14 мая ён сустракаўся са святарамі, якія маюць больш за 40 гадоў служэння, а 11 чэрвеня плануе паразмаўляць з пастырамі “сярэдняга ўзросту”. З верасня 2023 года ён правёў шэраг сустрэч з духавенствам розных раёнаў Вечнага горада.

У другой палове дня Папа прыбыў у Дом Пабожных Вучаніц Боскага Настаўніка на ўскраіне Рыма. Яго прывітанне было цёплым, з апладысментамі і падарункамі ад манахінь і прысутных, у тым ліку дзяцей. Францішку падарылі арнат і кнігу аб заснавальніцы гэтай манаскай кангрэгацыі. “Не стамляйцеся рабіць дабро”, - заклікаў ён законніц.

Размова Святога Айца са святарамі праходзіла ў мясцовым касцёле Езуса Боскага Настаўніка. Яна пачалася малітвай і працягнулася супольным абмеркаваннем душпастырскіх праблем, у тым ліку звязаных з досведам першых гадоў святарства, верай Божага народа, служэннем хворым і моладзі, крызісамі ў святарскім жыцці, з якіх “немагчыма выйсці ў адзіночку”.

Пантыфік падкрэсліў важнасць рэагавання на выклікі блізкасцю і дыялогам, а не пляткарствам. Ён заклікаў больш глыбока жыць сінадальнасцю і параіў натхняцца Апостальскай адгартацыяй Паўла VI Evangelii nuntiandi. Францішак нагадаў маладым святарам пра важнасць “чатырох блізкасцяў”: з Богам, біскупам, іншымі святарамі і Божым народам.
 

30 мая 2024, 08:42