Пошук

Пантыфік сустрэўся з найстарэйшымі рымскімі святарамі

14 мая 2024 года Францішак правёў сустрэчу з рымскім духавенствам, пасвечаным 40 і больш гадоў таму. Мерапрыемства прайшло ў парафіі Сан-Джузэпэ-аль-Трыанфале за зачыненымі дзвярыма.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Завяршыўшы нядаўна серыю паездак у пяць сектараў сваёй дыяцэзіі, біскуп Рыма распачаў новы цыкл сустрэч: зараз ён сустракаецца з святарамі па гадах пасвячэння.

У двухгадзінным дыялогу з Пантыфікам удзельнічалі каля 70 святароў старэйшага ўзросту. Іх суправаджалі біскупы Балдасарэ Рэйна і Мікеле Дзі Толвэ. Абмяркоўваліся такія душпастырскія тэмы, як гасцінны прыём, споведзь, слуханне і прабачэнне. Папа падкрэсліў каштоўнасць працы святара і душпастыра на месцах: "Людзі набліжаюцца, калі бачаць дабрыню пастыра".

Закранулі таксама і цяжкасці, з якімі сутыкаюцца старэйшыя святары, такія як адзінота і стомленасць. Францішак падкрэсліў каштоўнасць адносін паміж старымі і маладымі святарамі, заклікаў прысутных быць сведкамі памяці, каб разам з маладым пакаленнем рухацца наперад.

Напрыканцы сустрэчы Папа падзякаваў святарам, заклікаючы іх не стамляцца, маліцца і далей суправаджаць вернікаў Касцёла.

Пасля гэтага Святы Айцец прывітаў групу вучняў пачатковай школы і дзяцей, якія наведваюць заняткі па катэхізісу, а таксама іншых вернікаў, якія сабраліся ў базіліцы і вакол яе.

Наступная сустрэча Папы са святарамі Рымскай дыяцэзіі, пасвечанымі ў перыяд з 2014 па 2024 год, запланавана на 29 мая.

15 мая 2024, 10:36