Пошук

Папа: адносіны – шлях да чалавечай і хрысціянскай сталасці

Францішак нагадаў швейцарскім гвардзейцам пра важнасць міжасабовых адносін для чалавечага і хрысціянскага сталення, і заклікаў іх развіваць жыццё ў супольнасці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

6 мая 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі членаў корпуса Папскай швейцарскай гвардыі, іх блізкіх, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскіх і вайсковых уладаў Швейцарскай Канфедэрацыі. Нагодай для сустрэчы стала ўрачыстая прысяга 34 новых рэкрутаў, якай пройдзе ўвечары на Панадворку святога Дамаса Апостальскага палаца ў Ватыкане.

Францішак выказаў падзяку за ветлівае, уважлівае, дакладнае, велікадушнае і руплівае служэнне гвардзейцаў. Ён заўважыў, што ў корпусе Папскай гвардыі пануе пазітыўная атмасфера, павага адзін да аднаго, да камандавання і гасцей.

“Вы дэманструеце высокі ўзровень матывацыі і жадання служыць, а таксама – і гэта мяне вельмі радуе – добрыя стасункі паміж сабой: вы разам здзяйсняеце экскурсіі, сумесна праводзіце дні адпачынку, часта выязджаеце за горад”, - дадаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што стасункі з’яўляюцца “ключавым досведам” для хрысціян. “Добрыя адносіны – галоўны шлях для нашага росту і чалавечага і хрысціянскага сталення. Значную частку таго, што характарызуе нашу асобу, мы набылі праз адносіны з бацькамі, братамі і сёстрамі, аднакласнікамі, настаўнікамі, сябрамі, калегамі па працы і гэтак далей”, - сказаў ён, заўважаючы, што па гэтай прычыне перыяд службы ў Швейцарскай гвардыі вельмі важны для юнакоў: гаворка ідзе не проста пра перыяд працы, але пра час жыцця і адносін, інтэнсіўных стасункаў у неаднастайнай кампаніі. Ён выказаў спадзяванне на тое, што ўмацаванню еднасці ў корпусе паспрыяюць новыя казармы, якія знаходзяцца на этапе праектавання.

“Працягваючы гаворку пра адносіны, я заклікаю вас актыўна развіваць жыццё ў супольнасці. Сёння сярод моладзі шырока распаўсюджана звычка праводзіць вольны час сам-насам з камп’ютарам ці смартфонам. Таму я таксама кажу вам, маладыя гвардзейцы: ідзіце супраць плыні! Лепш выкарыстоўваць вольны час для сумеснай дзейнасці, знаёмства з Рымам, братэрскіх момантаў, падчас якіх можна расказаць пра сябе і падзяліцца меркаваннямі. Гэты досвед умацуе вас унутры і будзе суправаджаць на працягу ўсяго жыцця”, - запэўніў гвардзейцаў Францішак.
 

06 мая 2024, 10:30