Пошук

Пантыфік: чалавечае жыццё – не праблема, а дар

Праблема нашага свету не ў дзецях, якія нараджаюцца, а ў эгаізме, спажывецтве і індывідуалізме, падкрэсліў Францішак на форуме па нараджальнасці, які прайшоў у канцэртным зале Auditorium della Conciliazione.

Марыя Валодзіна - Vatican News

10 мая 2024 года Францішак прыняў удзел у форуме Агульны стан нараджальнасці (Stati Generali della Natalità), які арганізуе італьянскі Форум сямейных таварыстваў. Сёлетні дэвіз ініцыятывы – Быць. Чым больш моладзі, тым больш будучыні (Esserci. Più giovani più futuro).

“Тэма нараджальнасці мне вельмі блізкая”, - сказаў у сваёй прамове Святы Айцец. Кожнае дзіця – гэта “дар, які нагадвае аб тым, што Бог давярае чалавецтву”. Наша быццё не выпадковае: Бог пажадаў, каб мы былі, Ён мае вялікі і ўнікальны план для кожнага з нас, без выключэння. З гэтага пункту гледжання важна спрыяць нараджальнасці з рэалізмам, дальнабачнасцю і мужнасцю, - адзначыў Папа, прапаноўваючы слухачам паразважаць над гэтымі ключавымі словамі.

Першае слова - рэалізм. У мінулым было шмат тэорый, якія разглядалі рост насельніцтва Зямлі як праблему. Але чалавечае жыццё – гэта не праблема, а дар. Да забруджвання навакольнага асяроддзя і голаду вядзе не нараджэнне дзяцей, а выбар тых, хто думае толькі пра сябе, сляпы і нястрымны матэрыялізм, “злы вірус” спажывецтва. Праблема не ў тым, колькі нас у свеце, а ў тым, які свет мы будуем. Праблема нашага свету не ў дзецях, якія нараджаюцца, а ў эгаізме, спажывецтве і індывідуалізме, якія робяць людзей сытымі, адзінокімі і няшчаснымі, зазначыў Францішак.

“Нараджальнасць – першы паказчык надзеі народа. Без дзяцей і моладзі краіна губляе сваё імкненне да будучыні. У Італіі, напрыклад, сярэдні ўзрост складае сорак сем гадоў”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што Італія такім чынам “паступова губляе сваю надзею на заўтрашні дзень”, як і астатняя Еўропа, якая ўсё больш ператвараецца ў стары кантынент, не здольны атрымліваць асалоду ад сапраўднай прыгажосці жыцця.

Нягледзячы на мноства слоў і намаганняў, курс не мяняецца. Чаму? “Пытанне складанае, але гэта не можа і не павінна стаць апраўданнем для таго, каб не вырашаць яго. Патрэбна дальнабачнасць, другое ключавое слова”, - заўважыў Святы Айцец, заклікаючы да эфектыўнай палітыкі, да “смелага, канкрэтнага і доўгатэрміновага выбару”, які неабходна зрабіць сёння, каб дзеці маглі сабраць яго плён заўтра. Трэба прыкласці ўсе намаганні для рэалізацыі сур'ёзных і эфектыўных рашэнняў на карысць сям'і. Напрыклад, пазбавіць маці ад неабходнасці выбіраць паміж працай і клопатам аб дзецях, а маладыя пары – ад цяжару нестабільнай занятасці і немагчымасці купіць дом.

Пантыфік заклікаў “прасоўваць на сацыяльным узроўні культуру шчодрасці і салідарнасці паміж пакаленнямі, каб перагледзець звычкі і лад жыцця, адмовіцца ад лішняга і даць моладзі надзею на заўтра, як гэта бывае ў многіх сем'ях”. Будучыня дзяцей і ўнукаў будуецца працай усяго жыцця бацькоў, бабуль і дзядуляў, а ўдзячнасць за гэта з боку малодшага пакалення робіць грамадства трывалым і моцным. “Гэта каштоўнасці, якія трэба падтрымліваць, культура, якую трэба распаўсюджваць, калі мы хочам мець заўтра”, - сцвердзіў Францішак.

“Трэцяе слова – мужнасць. І тут я асабліва звяртаюся да моладзі. Я ведаю, што будучыня трывожыць многіх з вас, што з-за спаду нараджальнасці, войнаў, пандэмій і змены клімату нялёгка захаваць надзею. Але не здавайцеся, будзьце ўпэўненыя, таму што заўтра не з'яўляецца чымсьці непазбежным: мы будуем яго разам, і ў гэтым разам мы перш за ўсё знаходзім Пана”, - нагадаў Святы Айцец, заклікаючы моладзь не змірацца з ужо напісаным сцэнарам, але мяняць курс, нават калі для гэтага спатрэбіцца ісці супраць плыні.

10 мая 2024, 09:40