Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: дарыць надзею тым, хто завяршае жыццё

Дапамагчы хворым і паміраючым усвядоміць, што яны не адзінокія і не ізаляваныя, а іх жыццё – не цяжар, заклікаў Францішак удзельнікаў Міжнароднага міжканфесійнага сімпозіума па паліятыўнай дапамозе, які 21-23 мая 2024 года праходзіць у канадскім Таронта.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У мерапрыемстве, якое стала магчымым дзякуючы ініцыятыве Папскай акадэміі жыцця і Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Канады, прымаюць удзел прафесіяналы ў галіне аховы здароўя, дактары і медсёстры розных рэлігійных канфесій з усяго свету.

У сваім пасланні Пантыфік адзначыў, што ў нашы дні, сутыкнуўшыся з "трагічнымі наступствамі вайны, насілля і несправядлівасці рознага роду, занадта лёгка паддацца гору і нават адчаю”. Тым не менш, як члены чалавечай сям'і і як вернікі, мы пакліканы з любоўю і спачуваннем суправаджаць тых, хто з усіх сіл спрабуе знайсці прычыны для надзеі (пар. 1 П 3, 15). “Фактычна, менавіта надзея дае нам моц, каб пераадольваць жыццёвыя выклікі, цяжкасці і трывогі”, - нагадаў Святы Айцец.

“Гэта асабліва актуальна, калі гаворка ідзе пра сур'ёзныя захворванні або канец жыцця. Кожны, хто адчуў няўпэўненасць, якую часта выклікаюць хвароба і смерць, мае патрэбу ў сведчанні надзеі з боку тых, хто клапоціцца пра іх і застаецца побач. У сувязі з гэтым паліятыўная дапамога, накіраваная на тое, каб максімальна палегчыць цяжар болю, з'яўляецца перш за ўсё канкрэтным знакам блізкасці і салідарнасці з нашымі братамі і сёстрамі, якія пакутуюць”, - зазначыў Папа.

Сапраўдная паліятыўная дапамога радыкальна адрозніваецца ад эўтаназіі, якая ніколі не з'яўляецца крыніцай надзеі або шчырага клопату пра цяжка хворых людзей. Хутчэй, гэта правал любві, вынік культуры адкідаў, у якой "людзі больш не разглядаюцца як асноўная каштоўнасць, якую трэба паважаць і абараняць" (Fratelli tutti, 18), - гаворыцца ў пасланні.

Часта эўтаназію ілжыва выдаюць за форму спагады. Аднак спачуванне азначае не наўмыснае спыненне жыцця, а хутчэй гатоўнасць падзяліць беды людзей, якія праходзяць апошні адрэзак свайго зямнога падарожжа. Сапраўднай формай спагады з'яўляецца паліятыўная дапамога, якая адказвае на пакуты – фізічныя, эмацыйныя, псіхалагічныя ці духоўныя – пацвярджаючы фундаментальную і непарушную годнасць кожнага чалавека, асабліва паміраючага, і дапамагаючы яму прыняць непазбежны момант пераходу ад гэтага жыцця ў жыццё вечнае, - падкрэсліў Святы Айцец.

Рэлігіі разглядаюць хваробы, пакуты і смерць як частку таямніцы Божага Провіду. Згодна з хрысціянскай традыцыяй, гэта сродак дасягнення святасці. “У той жа час спачуванне і павага медыцынскага персанала і спецыялістаў па догляду дазваляюць людзям у канцы жыцця здабыць духоўнае суцяшэнне, надзею і прымірэнне з Богам, членамі сваёй сям'і і сябрамі”, - гаворыцца ў пасланні.

“Паліятыўны клопат істотна важны, каб дапамагчы хворым і паміраючым усвядоміць, што яны не адзінокія і не ізаляваныя, што іх жыццё – не цяжар, што яны заўсёды застаюцца каштоўнымі ў вачах Бога і адзінымі з намі дзякуючы вузам яднання”, - адзначыў Святы Айцец, заклікаючы ўдзельнікаў канферэнцыі дарыць надзею людзям і спрыяць пабудове больш справядлівага і братэрскага грамадства.

22 мая 2024, 11:13