Пошук

Папа: нашы абліччы пакліканы адлюстроўваць прыгажосць Бога

Нашы абліччы пакліканы адлюстроўваць боскую прыгажосць, а не вызначаную модай, - падкрэсліў Францішак падчас аўдыенцыі для міжнароднай дэлегацыі пластычных хірургаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

23 мая 2024 года Пантыфік прыняў у Ватыкане ўдзельнікаў Кангрэса па хірургіі, арганізаванага Асацыяцыяй былых вучняў прафесара Іва Пітангі – вядомага ва ўсім свеце бразільскага пластычнага хірурга і пісьменніка.

“Вітаю вас у гэтым доме Пятра з усмешкай на вуснах. У рамках аднаго з вашых праектаў супрацоўніцтва, вы намагаецеся вярнуць яе на абліччы шматлікіх хворых дзяцей, а дапамагаючы ім, вы вяртаеце ўсмешку таксама іх сем’ям, і, у пэўным сэнсе, усяму грамадству”, - сказаў Папа.

“Але як людзі, як урачы і хрысціяне, мы ведаем, што нашы абліччы пакліканы адлюстроўваць прыгажосць, якая пераўзыходзіць тую, якую можна ўбачыць вачыма; прыгажосць, не вызначаную бізнесам моды і культурай знешняга выгляду, але звязаную з праўдай пра чалавека, яго ўнутранай сутнасцю, якую не можам знявечыць”, - падкрэсліў Францішак.

Папа нагадаў словы святога Паўла: “Мы ж усе з адкрытым абліччам углядаемся, нібы ў люстра, у славу Пана і перамяняемся ў той самы вобраз” (2 Кар 3,18). “Няхай гэта глыбокая праўда заўсёды кіруе вашай рукой, каб неслі свету вобраз Бога, адпячатаны ў нашай існасці, добрых справах, любові, якую мы дорым і распаўсюджваем”, - пажадаў ён.

Пантыфік заўважыў, што Святое Пісанне паказвае Езуса Хрыста, як “найпрыгажэйшага з сыноў чалавечых” (Пс 45,3), а ў той жа час, знявечанага з прычыны пакут “больш за ўсякага чалавека” (Іс 52,14). “У гэтым парадоксе Езус паказвае нам свой сапраўдны вобраз і наш, які праходзіць праз крыжовы шлях, праз прыняцце нашай маласці, каб дасягнуць вечнай славы і надзеі, якая не расчаруе і не змарнее”, - завяршыў свой зварот Францішак.
 

23 мая 2024, 10:55