Пантыфік заклікаў да трывалага альянсу сям'і і школы
Марыя Валодзіна - Vatican News
31 мая 2024 года Папа накіраваў пасланне да ўдзельнікаў кангрэса Асацыяцыі бацькоў навучэнцаў каталіцкіх школ (Association des Parents d’Élèves de l’Enseignement Libre - APEL). Мерапрыемства праходзіць у французскім Валансе.
Вітаючы ўдзельнікаў кангрэса, Францішак нагадаў, што моладзь і сем'і – сучаснасць і будучыня нашага грамадства – заўсёды знаходзяцца ў цэнтры яго ўвагі. Ён адзначыў, што задача адукацыі і выхавання дзяцей патрабуе дапамогі ўсяго грамадства, пачынаючы са школы. Трывалы альянс сям'і і школы дазваляе перадаваць новым пакаленням не толькі веды, але і чалавечыя і духоўныя каштоўнасці, спрыяе ўсебаковай адукацыі чалавека і пабудове больш гуманнага свету. “Адным словам, гаворка ідзе аб тым, каб пазнаёміць маладых людзей з Божай задумай для кожнага з іх”, - падагульніў Папа.
На думку Францішка, школьная супольнасць – гэта сапраўдны мікракосм, адкрыты на будучыню. Ён набывае рысы хрысціянскай і чалавечай супольнасці, заснаванай на міласэрнасці. Папа запрасіў удзельнікаў кангрэса далучыцца да глабальнага адукацыйнага пакта, будаваць, весці дыялог і супрацоўнічаць у імя асноўных чалавечых каштоўнасцяў.
Пантыфік нагадаў, што адукацыя не заканчваецца школай, а доўжыцца ўсё жыццё. Праца настаўнікаў і бацькоў цяжкая, таму што працяглая ў часе і прыносіць свой нечаканы плён у будучыні.
Святы Айцец заклікаў бацькоў “мужна супрацьстаяць цяперашнім выклікам”, у прыватнасці праблеме штучнага інтэлекту, які змяняе не толькі метады навучання, але і спосаб мыслення дзяцей і моладзі. “Запэўніваю вас, што Касцёл на вашым баку”, - сказаў Папа, запрашаючы адукацыйную супольнасць да супрацоўніцтва, таму што "з такой праблемай немагчыма справіцца ў адзіночку".
Няхай вашы разважанні дапамогуць ператварыць грамадскую школу ў сапраўдную школу жыцця, якая дазволіць дзецям выйсці ў свет, “цяжкі, але асвечаны надзеяй, заснаванай на абяцанні Хрыста, якое ніколі не расчароўвае”, - пажадаў удзельнікам кангрэса Францішак.