Пошук

Удзельнікі міжнароднай сустрэчы Пробашчы на карысць Сінода Удзельнікі міжнароднай сустрэчы Пробашчы на карысць Сінода  (Vatican Media)

Францішак заклікаў пробашчаў быць місіянерамі сінадальнасці

Калі парафіі не будуць сінадальнымі і місійнымі, такім не будзе і Касцёл, - адзначыў Францішак у лісце да святароў, якія бралі ўдзел у сустрэчы Пробашчы на карысць Сінода.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік выказаў падзяку і пашану святарам, якія служаць у касцёлах на перыферыях, у вялікіх парафіях, у тых, дзе становіцца ўсё больш пажылых людзей, а таксама ў каталіцкіх супольнасцях, “якія ўзнікаюць пад вялікім дрэвам, дзе спеў птушак злучаецца са спевамі дзяцей”.

“Сінадальны Касцёл” мае патрэбу ў сваіх пробашчах, - запэўніў Пантыфік у звароце, абнародаваным 2 мая 2024 года ў Ватыкане. “Мы не ніколі не станем місійным сінадальным Касцёлам, калі парафіяльныя супольнасці не зробяць адметнай рысай свайго жыцця ўдзел усіх ахрышчаных у агульнай місіі абвяшчэння Евангелля. Калі парафіі не будуць сінадальнымі і місійнымі, такім не будзе і Касцёл”, - папярэдзіў ён.

Францішак параіў пробашчам заўважаць зерні, якія Святы Дух сее ў Божым народзе. На яго думку, тэрмінова неабходна “адкрыць, падтрымаць і ацаніць” розныя харызматы, якія даюцца свецкім вернікам. Такім чынам святары дапамогуць выйсці на паверхню “шматлікім схаваным скарбам” і будуць адчуваць сябе “менш самотнымі ў вялікім заданні евангелізацыі, спазнаўшы радасць сапраўднага бацькоўства, якое не прыгнятае, але дазваляе праявіцца ў іншых, у мужчынах і жанчынах, вялікаму каштоўнаму патэнцыялу”, - запэўніў Папа.

Пантыфік заахвоціў практыкаваць “размовы ў Духу” і духоўнае распазнаванне, важныя для штодзённага касцёльнага жыцця, бо дапамагаюць распазнаваць харызматы, з мудрасцю давяраць заданні і паслугі, планаваць душпастырскія шляхі ў святле Духа.

Францішак нагадаў пробашчам пра каштоўнасць адносін з іншымі святарамі і біскупамі. “Мы не можам стаць сапраўднымі бацькамі, калі ў першую чаргу не будзем сынамі і братамі. У нас не атрымаецца ствараць адзінства і ўдзел у жыцці супольнасцяў, давераных нам, калі спачатку мы не будзем жыць гэтым паміж сабой”, - дадаў Папа.

Нагадваючы пра другую сесіі XVI Звычайнай агульнай асамблеі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніка 2024 года ў Ватыкане, Святы Айцец заклікаў святароў станавіцца “місіянерамі сінадальнасці” таксама ў іх штодзённым служэнні.

Сустрэча Пробашчы на карысць Сінода праходзіла з 29 красавіка па 2 мая 2024 года ў Ватыкане. У форуме бралі ўдзел дэлегаты з 90 краін свету. Беларусь прадстаўляў ксёндз Аляксей Ляшко, душпастыр парафіі ў Лёзна, што ў Віцебскай дыяцэзіі.
 

02 мая 2024, 11:44