Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Charles Gounod: O Divine Redeemer
Расклад Падкасты

Папа да папячыцеляў універсітэта: выхоўвайце працавітых летуценнікаў

Адукацыя – гэта не проста перадача ведаў, але і выхаванне велікадушных і сумленных сэрцаў, нагадаў Францішак папячыцельскаму савету Універсітэта Ігнацыя Лаёлы (ЗША), якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 20 мая 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Старшыня і члены папячыцельскага савета чыкагскага ўніверсітэта завіталі ў Рым у рамках пілігрымкі па месцах, дзе нарадзіўся і жыў святы Ігнацый Лаёла. "Падарожжа традыцыйна асацыюецца ў чалавека з пошукам сэнсу жыцця. Заўсёды падтрымлівайце ў сабе жаданне адправіцца ў падарожжа, у пілігрымку. Ваш досвед наведвання месцаў, якія паўплывалі на жыццё і духоўнасць святога Ігнацыя, несумненна, узбагаціць і натхніць вас на шляху акадэмічнага і асабістага станаўлення. Гэта візіт да вашых каранёў", - сказаў у сваёй прамове Пантыфік.

“Каб рухацца наперад, заўсёды трэба абапірацца на свае карані. Нельга ісці наперад без каранёў, у якіх мы чэрпаем моц: моц ідзе ад каранёў. (…) Карані вашай установы – у досведзе заснавальніка, святога Ігнацыя, які заўсёды ставіў Бога на першае месца і пастаянна шукаў волю Божую. Гэта прывяло яго да стараннага імкнення да служэння. Няхай яго духоўны шлях, адзначаны распазнаннем і імкненнем да справядлівасці, працягвае натхняць і накіроўваць ваша жыццё і дзейнасць”, - пажадаў Папа.

Універсітэт Ігнацыя Лаёлы натхняецца традыцыямі Таварыства Езуса, заснаванымі на распазнанні і дзейнасці, - нагадаў Святы Айцец, заклікаючы гасцей “шукаць ісціну з дапамогай глыбокіх разважанняў, уважлівага слухання і смелых дзеянняў”.

“Я заклікаю вас упарта ісці па гэтым шляху, быць сведкамі надзеі ў свеце, які часта характарызуецца падзеламі і канфліктамі. Развівайце крытычны погляд, здольнасць да распазнання і ўспрымальнасці да глабальных выклікаў. Заўсёды задавайце сабе пытанне: як наш універсітэт можа ўнесці свой уклад у тое, каб зрабіць наш свет лепшым?” - заахвоціў Папа.

“У наш час, які характарызуецца хуткімі зменамі і складанымі выклікамі, роля акадэмічных устаноў вельмі важная. Перад вамі стаіць задача не толькі адукаваць выдатныя розумы, але і выхаваць велікадушныя і сумленныя сэрцы, уважлівыя да годнасці кожнага чалавека. Адукацыя – гэта не проста перадача ведаў, але і імкненне і метад выхавання людзей, здольных увасабляць каштоўнасці міру і справядлівасці ва ўсіх аспектах свайго жыцця. Розум павінен быць адукаваны такім чынам, каб сэрца было шчодрым, здольным успрымаць рэальнасць і патрабаванні часу, а рукі - здольнымі актыўна працаваць. Выхоўвайце працавітых летуценнікаў! І, перш за ўсё, будзьце такімі самі”, - заклікаў Францішак.

Папа параіў гасцям “развіваць інтэлектуальную дапытлівасць, дух супрацоўніцтва і ўспрымальнасць да выклікаў сучаснасці, працягваючы спадчыну святога Ігнацыя”. “Нам патрэбныя людзі, гатовыя паставіць свае навыкі на службу іншым, працаваць дзеля будучыні, у якой кожны чалавек зможа рэалізаваць свой патэнцыял і жыць з годнасцю і павагай, і ў якой увесь свет зможа здабыць спакой. Сёння я вельмі здзіўлены тым, што ва ўмовах крызісу сусветнага парадку, здаецца, не хапае разважання аб магчымай будучыні”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што асабліва цэніць “міжкультурны і міжрэлігійны дыялог як сродак умацавання ўзаемаразумення, супрацоўніцтва і навядзення мастоў паміж рознымі традыцыямі, культурамі і светапоглядамі”.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец благаславіў прысутных, запэўніў у малітве і папрасіў памаліцца за яго.

20 мая 2024, 12:07
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930