Пошук

Удзельнікі 103-га Дня нямецкіх католікаў Удзельнікі 103-га Дня нямецкіх католікаў  (ANSA)

Папа нямецкім католікам: працаваць дзеля міру праз малітву і дыялог

Хрысціяне пакліканы працягваць місію Езуса, які даў людзям надзею і будучыню ў цяжкія часы: бедным, хворым, тым, хто заблытаўся ў граху, - адзначыў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў 103-га Дня нямецкіх католікаў (Katholikentag), які распачаўся ўвечары 29 мая 2024 года ў Эрфурце. У гэтай грамадскай падзеі, адной з самых важных у Германіі, па традыцыі бяруць удзел не толькі свецкія вернікі, але таксама палітычныя і рэлігійныя лідары, у тым ліку з іншых краін. Пяцідзённая сустрэча, традыцыя правядзення якой сягае сваім каранямі ў 1848 год, сёлета мае тэму: У чалавека міру ёсць будучыня.

Папа заўважыў, што першапачатковыя адзінства і гармонія былі парушаны, бо чалавек “не пакладае надзеі на Бога, не давярае Яму”, не робіць тое, што падабаецца Богу, а “ідзе сваім шляхам”. “Чалавек больш не выкарыстоўвае стварэнне згодна з намерамі Стварыцеля, а злоўжывае ім і дрэнна абыходзіцца з ім дзеля сваіх эгаістычных амбіцый, звязаных з уладай і выгадай. Так у свет прыйшлі пакуты і смерць”, - канстатаваў Францішак.

Пантыфік адзначыў, што сёння многія людзі, асабліва моладзь, адчуваюць, што ў “свеце і чалавеку нешта ідзе не так, што мы не можам проста працягваць жыць як раней, што ёсць патрэба ў навяртанні, у новым эфектыўным напрамку”.

Святы Айцец падкрэсліў, што місія Езуса заключалася ў тым, каб вярнуць чалавека да Бога, а праз гэта абнавіць яго адносіны з іншымі людзьмі, прыродай і самім сабой, і такім чынам прынесці мір. “Мір, які прыносіць Хрыстус, становіцца бачным, калі Ён дае людзям новую надзею, будучыню ў цяжкія часы: тым, хто быў маргіналізаваны, хворым, хто заблытаўся ў граху. Хрыстус называў па імені несправядлівасць і асуджаў няроўнасць. Каб аднавіць боскі лад Езус нярэдка пераварочваў логіку і парадак чалавечых каштоўнасцей, што асабліва заўважна ў Нагорным казанні”, - напісаў Папа, нагадваючы, што Езус нёс мір таксама і падчас сваёй крыжовай смерці, не адказваючы гвалтам на гвалт і смерцю на смерць.

Пантыфік падкрэсліў, што хрысціяне пакліканы працягваць спаўняць місію Хрыста, дапамагаючы бедным і прымаючы ўдзел у грамадскім жыцці, каб палепшыць іх сітуацыю і даць голас тым, да каго не прыслухоўваюцца. Ён адзначыў, што “без справядлівасці не можа быць міру”.

Папа асудзіў распаўсюджванне антысемітызму, расізму і іншых экстрэмісцкіх і гвалтоўных ідэалогій, якія ўсё больш пагражаюць правам чалавека. Ён падкрэсліў, што “этычныя, сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя крызісы, які мы перажываем”, звязаны паміж сабой. Таму “беражлівыя адносіны да прыроды, справядлівасць да бедных, клопат пра грамадства, абарона жыцця і сям’і, адстойванне годнасці кожнага чалавечага жыцця, а таксама знешні і ўнутраны міру павінны ісці поруч”, - напісаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што праблемы павінны пераадольвацца сумеснымі намаганнямі і шляхам шырокага дыялогу прадстаўнікоў усіх узроўняў грамадства, для чаго Katholikentag з’яўляецца добрай пляцоўкай. Ён пажадаў, каб форум стаў месцам экуменічнай сустрэчы і міжрэлігійнага дыялогу, а таксама адзначыў, што малітва можа прывесці да мірных перамен.
 

30 мая 2024, 10:44