2024.05.28 Intenzione Giugno Bielorusso

Папа: маліцца за людзей, вымушаных уцякаць са сваёй краіны

На працягу чэрвеня Францішак заклікае маліцца за людзей, вымушаных уцякаць са сваёй краіны. Ён абвясціў сваю інтэнцыю ў відэароліку, апублікаваным 28 мая 2024 года Папскай сусветнай сеткай малітвы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, я хацеў бы, каб у гэтым месяцы мы памаліліся за тых, хто ўцякае са сваёй краіны. Да трагедыі, якую перажываюць людзі, змушаныя пакінуць сваю радзіму, каб уратавацца ад вайны ці галечы, часта дадаецца адчуванне пазбаўленасці каранёў, няведання таго, дзе тваё месца. Больш за тое, у некаторых краінах прыбыццё мігрантаў успрымаюць з трывогай і страхам. Тады ўзнікае прывід муроў: муроў на зямлі, якія раздзяляюць сем’і, і муроў у сэрцы.

Мы, хрысціяне, не можам падзяляць такі менталітэт. Той, хто прымае мігранта, прымае Хрыста. Мы павінны прасоўваць грамадскую і палітычную культуру, якая абараняе правы і годнасць мігрантаў. Якая падтрымлівае іх у магчымасцях развіцця. Якая інтэгруе іх. Мігранта трэба суправаджаць, падтрымліваць і інтэграваць.

Давайце маліцца аб тым, каб мігранты, якія ратуюцца ад вайны ці голаду, вымушаныя адпраўляцца ў падарожжы, поўныя небяспекаў і гвалту, маглі сустрэць гасціннасць і новыя магчымасці жыцця”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Святы Айцец.

 

28 мая 2024, 16:00