Пошук

Папа: моладзь дапаможа збліжэнню католікаў і праваслаўных

Моладзь, падтрыманая надзеяй, заснаванай на веры, можа разарваць ланцугі крыўдаў, неразумення і забабонаў, якія стагоддзямі трымалі ў палоне католікаў і праваслаўных, перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

16 мая 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Мітрапаліта Агафангела і дэлегацыю Афінскага тэалагічнага калегіума. Нагодай для сустрэчы стала 20-годдзе супрацоўніцтва паміж Apostolikì Diakonia Грэчаскай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкім камітэтам па культурным супрацоўніцтве Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству.

Францішак заўважыў, што нягледзячы на выклікі двух апошніх дзесяцігоддзяў, пазначаных эканамічным крызісам у Грэцыі і пандэміяй, гэтыя дзве структуры шмат працавалі разам для рэалізацыі праектаў у культурнай і адукацыйнай сферах, з асаблівай увагай да культурнай, тэалагічнай і экуменічнай фармацыі новых пакаленняў.

“Сапраўды, менавіта маладыя людзі, падтрыманыя надзеяй, заснаванай на веры, могуць разарваць ланцугі крыўдаў, неразумення і забабонаў, якія стагоддзямі трымалі ў палоне католікаў і праваслаўных, не дазваляючы ім прызнаць адзін аднаго братамі, адзінымі ў разнастайнасці, здольнымі сведчыць аб любові Хрыста, асабліва ў гэтым свеце, так падзеленым і канфліктным”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік выказаў сваю радасць з той прычыны, што таксама бліжэйшым летам Афінскі тэалагічны калегіум прыме групу каталіцкіх студэнтаў для вывучэння імі сучаснай грэчаскай мовы і знаёмства з Праваслаўнай Царквой. “Ад усяго сэрца складаю вам найлепшыя пажаданні прадаўжэння гэтага плённага супрацоўніцтва”, - сказаў Папа, нагадваючы, што “ідучы разам, працуючы разам і молячыся разам, мы рыхтуемся атрымаць ад Бога дар адзінства”, які, як плён Святога Духа, будзе адзінствам і гармоніяй у разнастайнасці.
 

16 мая 2024, 08:37