Пошук

Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа на Сусветны дзень пажылых: не пакідаць нікога ў старасці

Супрацьпаставіць эгаізму адкрытае сэрца і не пакідаць блізкіх людзей у старасці заахвоціў Папа ў сваім пасланні з нагоды IV Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца 28 ліпеня 2024 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Сёлетняя тэма Сусветнага дня пажылых – У старасці не пакідай мяне (пар. Пс 71,9).

“Бог ніколі не пакідае сваіх дзяцей, ніколі. Нават калі мы старэем і сілы нашы слабеюць, калі нашы валасы сівеюць, а наша роля ў грамадстве памяншаецца, калі наша жыццё становіцца менш прадуктыўным і можа здавацца бескарысным”, - напісаў Францішак, нагадваючы, што старажытныя камяні могуць служаць трывалым падмуркам для новых камянёў, каб “будаваць дом духоўны” (пар. 1 П 2, 5).

У Святым Пісанні мы знаходзім як упэўненасць у блізкасці Бога на кожным этапе жыцця, так і страх быць пакінутымі, асабліва ў старасці і падчас пакут. “Тут няма супярэчнасці”, - зазначыў Францішак, запрашаючы азірнуцца вакол, каб пабачыць відавочную рэальнасць: адзінота з'яўляецца бязрадасным спадарожнікам састарэлых людзей.

У адзіноты ёсць шмат прычын: эміграцыя, канфлікты. У некаторых кутках свету захаваліся забабоны, калі ў заўчаснай смерці альбо няшчасцях маладога чалавека беспадстаўна вінавацяць пажылога. “З гэтым менталітэтам неабходна змагацца і выкараняць яго”, каб не падсілкоўваць канфлікт пакаленняў, - зазначыў Папа.

Аднак нават у самых перадавых грамадствах можна сустрэцца з абвінавачваннем старых у "крадзяжы будучыні ў маладых". Напрыклад, шырока распаўсюджана перакананне ў тым, што пажылыя людзі абцяжарваюць моладзь высокімі выдаткамі на сацыяльныя паслугі. На думку Святога Айца, гэта скажонае ўспрыманне рэальнасці і непрымальная форма маніпуляцыі ставіць на карту адзінства розных узростаў чалавечага жыцця.

У псалме, радок з якога стаў тэмай Сусветнага дня пажылых, гаворыцца пра змову супраць старых. “Гэта можа здацца перабольшаннем, але гэта не так, калі ўлічваць, што адзінота і пакінутасць пажылых не выпадковыя і не непазбежныя, а з'яўляюцца вынікам рашэнняў – палітычных, эканамічных, сацыяльных і асабістых – якія не прызнаюць бясконцай годнасці кожнага чалавека незалежна ад абставін, стану або сітуацыі” (Dignitas infinita, 1), - напісаў у сваім пасланні Францішак.

Адной з самых відавочных прыкмет нашага часу стаў індывідуалізм: многія людзі імкнуцца да асабістай самарэалізацыі, максімальнай незалежнасці і адасобленасці ад іншых. Сям'я стала адной з галоўных ахвяр гэтай індывідуалістычнай культуры. Аднак калі мы старэем і нашы сілы пачынаюць слабець, ілюзія таго, што мы ні ў кім не маем патрэбы і можам жыць без сацыяльных сувязяў, становіцца відавочнай ва ўсёй яе паўнаце. Чалавек застаецца адзін, без дапамогі, без кагосьці, на каго можна спадзявацца. “Гэта сумнае адкрыццё, якое многія людзі робяць, калі ўжо занадта позна”, - папярэдзіў Папа.

Адзінота і пакінутасць усё шырэй распаўсюджваюцца ў сучасным грамадстве. Мы ўсё часцей страчваем “смак братэрства” (Fratelli tutti, 33) і нам цяжка нават уявіць нешта іншае, - напісаў Пантыфік. Ён нагадаў біблійную гісторыю Рут, якая мужна засталася побач з пажылой свякроўю, навучыўшы нас таму, што адзінота не з’яўляецца непазбежным лёсам, што на заклік Не пакідай мяне! можна адказаць Я не пакіну цябе!

Святы Айцец заахвоціў прытрымлівацца прыкладу Рут, “не баяцца мяняць свае звычкі і ўявіць сабе іншую будучыню для нашых пажылых людзей”. Ён выказаў падзяку ўсім тым, хто, часта ідучы на вялікія ахвяры, клапоцяцца пра пажылых людзей, сваякоў або знаёмых, у якіх больш нікога няма. “Рут, якая вырашыла застацца побач з Наомі, была ўзнагароджана шчаслівым сужэнствам, сям'ёй і новым домам. Так бывае заўсёды: застаючыся побач з пажылымі людзьмі і прызнаючы іх унікальную ролю ў сям'і, грамадстве і Касцёле, мы самі атрымліваем шмат дароў, ласкі і благаслаўлення!” - напісаў Папа.

“У гэты чацвёрты Сусветны дзень пажылых давайце выкажам пяшчоту бабулям, дзядулям і пажылым членам нашых сем'яў. Давайце наведаем тых, хто ў роспачы і больш не спадзяецца на магчымасць іншай будучыні. Эгаістычнаму стаўленню, якое вядзе да самотнасці і пакінутасці, давайце супрацьпаставім адкрытае сэрца і шчаслівыя твары тых, у каго хапае смеласці сказаць Я не пакіну цябе! і ўстаць на іншы шлях”, - заклікаў Святы Айцец.

14 мая 2024, 13:23