Пантыфік правядзе літургію Божага Цела ў Латэранскай базіліцы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Як вынікае з удакладненай праграмы папскіх літургічных цэлебрацый на бліжэйшыя месяцы, 2 чэрвеня 2024 года ў 17.00 Пантыфік правядзе святую Імшу ў базіліцы святога Яна на Латэране, пасля якой адбудзецца эўхарыстычная пешая працэсія да базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. На завяршэнне Папа ўдзеліць вернікам благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Урачыстасці Божага Цела з удзелам Святога Айца апошні раз праходзілі на Латэране ў 2017 годзе. У 2018 і 2019 гадах ён праводзіў літургію і працэсію ў парафіях на перыферыі Рыма. У 2020 і 2021 гадах, падчас пандэміі каронавіруса – у базіліцы святога Пятра ў Ватыкане. На працягу апошніх двух гадоў Францішак не браў удзелу ў цэлебрацыях з-за праблем са здароўем: у 2022 годзе – з прычыны болі ў калене, а ў 2023 годзе – у сувязі са шпіталізацыяй і хірургічнай аперацыяй на брушной поласці.