Пошук

Папа: Святы Дух дае мужнасць і стварае гармонію

Святы Дух – галоўны герой нашага жыцця, ён дае мужнасць жыць па-хрысціянску і стварае гармонію, сказаў Папа ў гаміліі падчас Святой Імшы, якую ён узначаліў 18 мая 2024 года ў Вероне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Візіт Францішка ў Верону завяршыўся цэлебрацыяй Імшы на стадыёне Бэнтэгодзі (Bentegodi), у якой прынялі ўдзел каля 32 тысяч вернікаў, сярод якіх было шмат дзяцей і моладзі. Папа нагадаў прысутным аб тым, што літургія праходзіць напярэдадні ўрачыстасці Пяцідзесятніцы, і прапанаваў паразважаць аб Святым Духу.

“Святы Дух – галоўны герой нашага жыцця! Гэта тое, што вядзе нас наперад, дапамагае нам рухацца, развіваць хрысціянскае жыццё. Святы Дух унутры нас”, - сказаў Францішак, нагадваючы, што ўсе ахрышчаныя атрымалі Святы Дух з хростам і канфірмацыяй.

“Святы Дух змяняе наша жыццё”, - адзначыў Пантыфік, прыводзячы ў прыклад спалоханых апосталаў, якія смела пайшлі абвяшчаць Евангелле пасля таго, як на іх сышоў Святы Дух.

“Святы Дух дае нам мужнасць жыць па-хрысціянску”, - падагульніў Папа.

“Акрамя таго, у дзень Пяцідзесятніцы Святы Дух стварыў нешта вельмі прыгожае. Людзі розных народаў, моў, культур і Святы Дух разам будуюць Касцёл. Дух стварае Касцёл. (…) Святы Дух стварае гармонію! Гармонію Касцёла”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў задумацца над сваім жыццём.

“Усім нам патрэбна гармонія. Усім нам патрэбны Святы Дух, каб стварыць гармонію ў нашай душы, сям'і, горадзе, грамадстве, на працоўным месцы”, - сказаў Папа, папярэджваючы аб тым, што “супрацьлегласць гармоніі – гэта вайна”.

Святая Імша на стадыёне Бэнтэгодзі (Bentegodi) у Вероне
18 мая 2024, 19:50