Пошук

Папа ў Пяцідзясятніцу: прапаведаваць усім, добрым і дрэнным

Мы не саступаем сілам гэтага свету і працягваем гаварыць аб міры тым, хто хоча вайны, аб прабачэнні тым, хто сее помсту, - сказаў Папа 19 мая 2024 года падчас Імшы ў нядзелю Спаслання Духа Святога.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак адзначыў, што ў апісанні Пяцідзясятніцы Дзеі Апосталаў звяртаюць нашу ўвагу на дзве сферы дзеяння Духа Святога ў Касцёле: у нас саміх і ў місіі, з дзвюма адметнымі рысамі: сілай, без якой “мы б ніколі не змаглі перамагчы зло і пажадлівасць цела”, і лагоднасцю.

Пантыфік нагадаў, што ў дзень Пяцідзясятніцы ў вучнях нараджаўся місійны запал. “Гэта важна і для нас, якія атрымалі Духа Святога ў сакрамэнтах хросту і канфірмацыі”, - адзначыў ён, указваючы на тое, што “як і Апосталы, мы пасланы абвяшчаць Евангелле ўсім, ідучы “ўсё далей і далей, не толькі ў геаграфічным сэнсе, але і перасякаючы этнічныя і рэлігійныя бар'еры, з сапраўды універсальнай місіяй”.

Францішак заўважыў, што дзякуючы Духу Святому “мы можам і павінны” рабіць гэта з такой жа сілай і лагоднасцю, як Ён, і ніколі не “з пыхай і навязлівасцю”, заўсёды “з энергіяй, якая выцякае з вернасці праўдзе, якой Дух вучыць нашы сэрцы і робіць так, каб яна ў нас узрастала”.

Таму “мы не саступаем сілам гэтага свету, але працягваем гаварыць аб міры тым, хто хоча вайны, аб прабачэнні тым, хто сее помсту, аб гасціннасці і салідарнасці тым, хто ляскае дзвярыма і ставіць бар'еры, аб жыцці тым, хто выбірае смерць, аб павазе тым, хто любіць прыніжаць, абражаць і адкідваць, аб вернасці тым, хто адхіляе ўсе повязі, блытаючы свабоду з павярхоўным, непразрыстым і пустым індывідуалізмам”. Наша прапаведаванне павінна быць адначасова далікатным, каб “прыняць усіх”, добрых і дрэнных.

“Адновім, браты і сёстры, нашу веру ў прысутнасць Параклета і няспынна молімся: “Прыйдзі, Дух Стварыцель, прасвятлі наш розум, напоўні сэрцы Тваёй ласкай, накіруй нашы крокі, дай нашаму свету Твой супакой", - заклікаў Францішак.
 

19 мая 2024, 12:18