Пошук

Папа вернікам з Амстэрдама: спрыяць братэрству і салідарнасці

Радасна сведчыць пра веру і канкрэтную любоў да бліжняга, распаленую і падтрыманую Эўхарыстыяй, - заклікаў Папа вернікаў з Амстэрдама, якіх прыняў на аўдыенцыі з нагоды 750-годдзя горада.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Вытокі сталіцы Нідэрландаў цесна звязаны з верай і Каталіцкім Касцёлам, а адным з ключавых момантаў яго гісторыі стаў эўхарыстычны цуд, які адбыўся ў 1345 годзе. Да сённяшняга дня вернікі згадваюць пра яго бязмоўнай працэсіяй і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, - падкрэсліў Папа, прымаючы пілігрымаў 4 мая 2024 года ў Ватыкане.

Святы Айцец заўважыў таксама, што Амстэрдам – гэта горад, у якім шмат людзей працуе на карысць бедных і мігрантаў, у супрацоўніцтве з законніцамі з кангрэгацыі Місіянерак Божай Любові, Службай дапамогі залежным ад наркотыкаў і многімі каталіцкімі ініцыятывамі.

“Амстэрдам – горад, населены людзьмі многіх нацыянальнасцей, пакліканых жыць разам як браты і сёстры. Касцёлы, у прыватнасці, з’яўляюцца месцамі, дзе збіраюцца людзі ўсіх сацыяльных і культурных слаёў. Дзякуй, вялікі дзякуй за вашу дзейнасць!”, - сказаў Папа.

“Я жадаю ўсім вам, каб Божае благаслаўленне суправаджала вас у вашым жыцці і працы ў гэтым цудоўным горадзе; каб вы радасна сведчылі пра веру і канкрэтную любоў да бліжняга, распаленую і падтрыманую Эўхарыстыяй; і каб ваша дзейнасць садзейнічала братэрству і салідарнасці паміж жыхарамі Амстэрдама. Няхай Панна Марыя, Маці ўсіх людзей, захоўвае вас у веры, надзеі і любові”, - пажадаў нідэрландскім католікам Святы Айцец.
 

04 мая 2024, 11:04