Папа: выхоўваць людзей, а не ілюзорныя копіі немагчымых ідэалаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваім звароце Папа прызнаўся, што яго ўвагу прыцягнула назва фонду. “Бланкерна –выбітны літаратурны персанаж, з дапамогай якога благаслаўлёны Раймунд Лулій дакладна апісаў грамадства свайго часу”, - сказаў Францішак, спасылаючыся на філасофскі раман каталонскага пісьменніка, напісаны ў 1283 годзе, у якім аўтар спрабуе “ў педагагічнай форме прапанаваць мадэлі хрысціянскага жыцця”.
На думку Пантыфіка, гэты педагагічны твор дае нам “урок дзіўнай актуальнасці”, прапануе “простыя і натуральныя мадэлі жыцця”, якія дазваляюць нам служыць Пану і быць шчаслівымі. “Якая вялікая задача – адкрыць моладзі Божую задуму для кожнага з іх”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Па словах Папы, Фонд Бланкерна і Універсітэт імя Раймунда Лулія ўзялі на сябе гэта абавязацельства. Выканаць такую задачу магчыма, па-першае, працуючы над тым, каб вярнуць сям'і яе першапачатковае пакліканне ў грамадстве, на прыкладзе бацькоў літаратурнага героя. Па-другое, прапаноўваючы маладым людзям розныя жыццёвыя шляхі, запэўніваючы іх у тым, што дарога хрысціянскага героя адзначана не імкненнем да кар'ерызму, а поўнай адданасцю служэнню Пану.
Папа заклікаў гасцей у іх педагагічнай працы заўсёды памятаць пра тое, што неабходна выхоўваць “сапраўдных мужчын і жанчын, а не ілюзорныя копіі немагчымых ідэалаў”, сумленных людзей, якія ўсімі сіламі імкнуцца служыць таму, да чаго іх паклікаў Бог. “У аснове заўсёды ляжыць хрост, які зрабіў цябе хрысціянінам, дзе б ты ні быў, ты – ахрышчаны, ты – ахрышчаная”, - нагадаў Святы Айцец.
Напрыканцы прамовы Францішак прапанаваў адну з штодзённых медытацый з кнігі благаслаўлёнага Лулія, у якой гаворыцца аб тым, што самая вялікая цемра – гэта адсутнасць Пана, а найвялікшае святло – Яго прысутнасць. Папа пажадаў гасцям, каб яны маглі асвятліць жыццё студэнтаў прысутнасцю Езуса, каб яны маглі зразумець сваю годнасць як сяброў Бога і людзей, і маглі рассеяць цемру, якая ахапіла гэты свет, далёкі ад іх сапраўднай сутнасці.