Пошук

Папская була аб Юбілеі 2025 года: надзея не расчаруе

9 мая 2024 года, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, Францішак узначаліў цырымонію, падчас якой была зачытана і ўручана Божаму народу була аб абвяшчэнні Юбілею Святога 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Цырымонія прайшла ў атрыўме базілікі святога Пятра, перад закрытымі Святымі дзвярыма. Яна папярэднічала малітве Нешпараў, якую затым узначаліў Папа. Дакумент носіць назву Spes non confundit – Надзея не расчаруе. Ён мае 25 раздзелаў і ўтрымлівае просьбы, прапановы і заклікі Францішка адносна святкавання Святога года, які будзе праходзіць у Каталіцкім Касцёле з 24 снежня 2024 года па 6 студзеня 2026 года пад дэвізам Пілігрымы надзеі. Пантыфік пажадаў, каб менавіта надзеяй стала дарам Юбілея для чалавецтва.

Адкрыццё Святых дзвярэй

Францішак абвясціў, што ўрачыстае адкрыццё Святых дзвярэй у базіліцы святога Пятра адбудзецца 24 снежня 2024 года. 29 снежня ён адчыніць Святыя дзверы базілікі святога Яна на Латэране; 1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі – базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, а 5 студзеня – базілікі святога Паўла за Мурамі. Юбілей завершыцца закрыццём Святых дзвярэй ватыканскай базілікі 6 студзеня 2026 года, ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана. У трох іншых папскіх базіліках Рыма яны будуць закрыты да 28 снежня 2025 года.

Супольная дата Пасхі

У буле Папа згадаў пра 1700-годдзе Нікейскага сабора, адным з пытаннем якога быў метад вызначэння даты святкавання Пасхі. Пантыфік заўважыў, што на гэты конт да сённяшняга дня існуюць розныя погляды, якія перашкаджаюць хрысціянам святкаваць гэту “асноватворную падзею веры” у адзін і той жа дзень, але, па “правідэнцыяльным супадзенні”, яны будуць рабіць гэта менавіта ў 2025 годзе. “Няхай гэта стане заклікам да ўсіх хрысціян Усходу і Захаду здзейсніць вырашальны крок да адзінства вакол супольнай даты Пасхі”, - напісаў Святы Айцец.

Надзея для ўсіх

Францішак пажадаў, каб Святы Юбілей усяліў надзею ва ўсіх. “Для ўсіх, асабліва для найбольш расчараваных, хто глядзіць у будучыню са скептыцызмам і песімізмам, няхай Святы год стане магчымасцю адрадзіць надзею, а таксама цноту цярплівасці, якая сёння, здаецца выцясняецца спешкай”, - адзначыў ён, заклікаючы бачыць надзею ў знаках часу і не паддавацца спакусе думаць, што нас перамагае зло і гвалт: дабро ёсць у свеце, і яго вельмі шмат.

Убачыць людзей, якія патрабуюць дапамогі

Па словах Папы, Святы год заклікае нас убачыць людзей, якія патрабуюць дапамогі ў нашым свеце, зноў “занураным у трагедыю вайны”. “Не зважаючы на драмы мінулага, чалавецтва перажывае новае і цяжкае выпрабаванне, падчас якога многія народы апынуліся пад цяжарам жорсткага гвалту. Якія яшчэ пакуты павінны спазнаць гэтыя народы? Як можна, што іх адчайны крык аб дапамозе не падштурхоўвае лідараў дзяржаў пакласці канец занадта вялікай колькасці рэгіянальных канфліктаў, усведамляючы наступствы, якія могуць узнікнуць ва ўсім свеце? Ці гэта зашмат: марыць аб тым, каб зброя змоўкла і перастала прыносіць разбурэнні і смерць?”, - задаў рытарычнае пытанне Пантыфік.

Падтрымліваць нараджальнасць

Святы Айцец заклікаў пераадолець “зніжэнне нараджальнасці” ў многіх краінах, на якое ўплываюць “шалёны рытм жыцця”, “страх перад будучыняй”, “адсутнасць гарантый занятасці і сацыяльнай абароны”, “сацыяльныя мадэлі”, у якіх пераважае імкненне да прыбытку, а не да адносін. Паводле Папы, існуе “тэрміновая неабходнасць” у “перакананай падтрымцы” з боку вернікаў і грамадзянскай супольнасці жадання маладых людзей ствараць сям’ю, каб будучыня была “пазначана ўсмешкамі шматлікіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыйдуць заняць пустыя калыскі”.

Амністыя, годныя ўмовы жыцця вязняў і адмена смяротнага пакарання

Францішак заклікаў да “адчувальных знакаў надзеі” для зняволеных. Ён прапанаваў урадам прыняць “формы амністыі і змякчэння пакарання”, а таксама “шляхі рэінтэграцыі ў грамадства”. Пантыфік заахвоціў да стварэння “годных умоў жыцця для зняволеных, павагі правоў чалавека” і “адмены смяротнага пакарання”. Каб выразіць сваю блізкасць да вязняў, ён адчыніць Святыя дзверы ў адной з турмаў.

Клопат пра хворых і моладзь

Папа адзначыў, што знакі надзеі неабходна даваць хворым, клопат пра якіх – гэта “гімн чалавечай годнасці”. Надзея патрэбна і маладым людзям, якія бачаць як рушацца іх мары. “Ілюзіі наркотыкаў, рызыка парушэння закону і пагоня за эфемерным, прыводзяць іх да разгубленасці больш, чым іншых, і хаваюць ад іх прыгажосць і сэнс жыцця, прымушаючы занурацца ў цёмныя бездані і штурхаючы да аўтадэструктыўных учынкаў”.

Дапамога мігрантам

Францішак пажадаў, каб спадзяванням мігрантаў “не перашкаджалі забабоны і закрытасць”. “Многім выгнаннікам, бежанцам і перамешчаным асобам, якіх супярэчлівыя міжнародныя падзеі прымушаюць уцякаць, каб пазбегнуць вайны, насілля і дыскрымінацыі, павінны быць гарантаваны бяспека і доступ да працы і адукацыі – неабходныя інструменты для іх інтэграцыі ў новы сацыяльны кантэкст”.

Салідарнасць з пажылымі і беднымі

Папа згадаў пра шматлікіх пажылых людзей, якія жывуць у самотнасці і пакінутасці. Ён нагадаў таксама пра “мільярды” бедных, якія “не маюць самага неабходнага для жыцця” і “пакутуюць ад адчужэння і раўнадушша многіх”. “Абуральна”, па словах Францішка, што бедныя складаюць большасць насельніцтва свету, “надзеленага вялізарнымі рэсурсамі, прызначанымі ў асноўным для ўзбраенняў”. Пантыфік заклікаў багатых да шчодрасці і паўтарыў сваю прапанову стварыць Сусветны фонд для канчатковага вырашэння праблемы голаду, у аснову якога могуць легчы сродкі, якія прызначаліся на ваенныя мэты.

Прабачыць даўгі бедных краін

Францішак звярнуўся да багатых краін, прапануючы ім пагадзіцца прабачыць даўгі краін, якія ніколі не змогуць іх вярнуць. “Гэта пытанне справядлівасці”, абцяжаранае сёння “новай формай няроўнасці”, асабліва “экалагічным доўгам” паміж Поўначчу і Поўднем, - лічыць Пантыфік.

Сведчанне мучанікаў

Святы Айцец заклікаў скіраваць позірк на сведчанне мучанікаў, якія належаць да розных хрысціянскіх традыцый, а таксама выказаў пажаданне, каб на працягу Святога года “не было недахопу ў экуменічных цэлебрацыях”.

Споведзь і міласэрнасць

Пантыфік адзначыў важнасць сакрамэнту споведзі і абвясціў аб прадаўжэнні служэння Місіянераў міласэрнасці, устаноўленага падчас Надзвычайнага Юбілею. Ён папрасіў біскупаў накіраваць іх туды, дзе “надзея падвяргаецца выпрабаванню” і дзе “абражаецца годнасць чалавека”.

Усходнія і Праваслаўныя Цэрквы

Францішак звярнуўся з асаблівым заклікам да вернікаў Усходніх Цэркваў, якія “шмат пакутавалі, часта да самай смерці, за сваю вернасць Хрысту і Царкве”. Гэтыя браты “павінны адчуваць сябе асабліва жаданымі гасцямі ў Рыме, які з’яўляецца Маці і для іх”. Ён згадаў таксама пра праваслаўных братоў і сясцёр, якія перажываюць “Крыжовы шлях”, будучы вымушанымі пакінуць свае родныя землі з прычыны насілля і нестабільнасці.

Марыйныя санктуарыі

Папа заахвоціў пілігрымаў, якія прыбываюць у Вечны горад памаліцца ў марыйных санктуарыях, каб прасіць аб абароне Марыі і адчуць блізкасць самай пяшчотнай з маці, якая ніколі не пакідае сваіх дзяцей.
 

09 мая 2024, 18:40