Пошук

Прэзідэнт Албаніі здзейсніў візіт у Ватыкан

6 мая 2024 года Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы Прэзідэнта Рэспублікі Албанія Байрама Бегая.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Затым палітык сустрэўся з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Падчас сардэчных перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце была выказана ўдзячнасць за пазітыўныя двухбаковыя адносіны, а таксама закрануты некаторыя адкрытыя пытанні ў адносінах Касцёла і дзяржавы.

Затым бакі абмеркавалі шлях Албаніі да членства ў Еўрапейскім Саюзе і розныя міжнародныя пытанні, надаўшы асаблівую ўвагу рэгіёну Заходніх Балкан і канфліктам на Блізкім Усходзе і ва Украіне, - паінфармавала ў афіцыйным камюніке Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
 

06 мая 2024, 11:45