Пошук

Святы Айцец да дзяцей: будзьце радаснымі, гэта карысна для душы

Бог любіць вас, - запэўніў Францішак 25 мая 2024 года падчас сустрэчы на Алімпійскім стадыёне ў Рыме з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія ўдзельнічаюць у І Сусветным дні дзяцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Свята было арганізавана для хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 5 да 12 гадоў Дыкастэрыяй па культуры і адукацыі ў супрацоўніцтве з Супольнасцю святога Эгідзія.

У жывым дыялогу Святы Айцец прызнаўся, што ідэя арганізацыі першага ў гісторыі Сусветнага дня ўзнікла ў яго пасля сустрэчы 7 лістапада 2023 года з дзецьмі з усяго свету. Цяперашняе мерапрыемства павінна было стаць працягам наладжанага тады дыялогу.

Папа прызнаўся, што дзеці таксама адчуваюць смутак з прычыны войнаў, пагроз прыроднаму асяроддзю і іншых негатыўных з’яў. Ён згадаў пра сваю сённяшнюю сустрэчу з украінскімі дзецьмі, якіх вайна прымусіла пакінуць Радзіму. Францішак нагадаў, што ёсць таксама дзеці, якія не могуць вучыцца, дзеці, якія хварэюць і не могуць атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу.

Пантыфік спаслаўся на дэвіз сустрэчы: Вось раблю ўсё новае (Ап 21, 5), і падкрэсліў, што Бог ёсць навізна і заўсёды дорыць нам яе. Ён заклікаў дзяцей быць радаснымі, што карысна для душы, нагадваючы ім, што Пан Езус іх любіць. Затым ён памаліўся разам з дзецьмі Вітай, Марыя.
 

25 мая 2024, 21:01