Святы Айцец правёў дыскусію з італьянскімі біскупамі

Адкрытым дыялогам з Папам распачалася 79-я генеральная асамблея епіскапату Італіі (CEI). Ёй папярэднічаў візіт ad limina Apostolorum, падчас якога на працягу 16 сустрэч пастыры асобных касцёльных рэгіёнаў абмяркоўвалі з Францішкам актуальную сітуацыю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас дыялогу, які прайшоў паміж Пантыфікам і італьянскімі біскупамі 20 мая 2024 года, былі ўзняты розныя праблемы Касцёла і свету: ад суправаджэння святароў да сучасных ідэалогій, ад эміграцыі моладзі да змяншэння колькасці пакліканняў, ад росту палярызацыі ў свеце да ўзмацнення антысемітызму.

Адным з галоўных пытанняў стала аб'яднанне італьянскіх дыяцэзій своеасаблівай персанальнай уніяй – in persona episcopi (асобай біскупа). У цяперашні час такім чынам ажыццяўляе сваё служэнне 21 італьянскі іерарх. Ужо ў 2013 годзе падчас сустрэчы з біскупскай канферэнцыяй Італіі Францішак заахвоціў іерархаў паразважаць на гэтую тэму і выпрацаваць найлепшыя з магчымых спосабаў дыяцэзіяльнага кіравання.

На практыцы гэта азначае, што дзве (або больш) дыяцэзіі маюць агульнага біскупа, захоўваючы пры гэтым асобныя інстытуты, напрыклад, курыі, семінарыі, дабрачынныя арганізацыі.

У мінулыя гады італьянскія іерархі выказвалі свае сумневы адносна такога рашэння, звяртаючы ўвагу на розную культурную самабытнасць кожнай тэрыторыі і на іншыя душпастырскія рызыкі. Канкрэтныя сітуацыі былі прадстаўлены Пантыфіку падчас нядаўніх візітаў ad limina, што дазволіла яму атрымаць дадатковую інфармацыю.

Гэта пытанне цесна звязана з іншай тэмай, якая некалькі разоў закраналася падчас размовы, а менавіта змяншэннем колькасці пакліканняў. Многія біскупы звярнулі ўвагу на значнае скарачэнне супольнасцей, як у дыяцэзіяльным, так і ў рэлігійным кантэкстах.

Францішак прывёў прыклад, рэалізаваны, між іншым, у Лацінскай Амерыцы, дзе кіраванне парафіяльнай і супольнаснай дзейнасцю не рэдка бяруць на сябе свецкія вернікі і манахіні.

У кантэксце сінадальнасці ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць айцоўскай падтрымкі святароў, якім часта бывае цяжка знайсці свой шлях у сацыяльных і культурных пераўтварэннях сучаснасці.

Пасля сустрэчы з Папам італьянскія біскупы прынялі ўдзел у адмыслова арганізаванай малітве за мір. Яна адбылася ў ватыканскай базіліцы.

Чатырохдзённая Генеральная асамблея Канферэнцыі Біскупаў Італіі праходзіць на тэму: Сінадальны шлях – да прароцкай фазы. Яна завершыцца 23 мая 2024 года.
 

21 мая 2024, 10:13