Пошук

Благаслаўлёны Гі з Манпелье Благаслаўлёны Гі з Манпелье 

Святы Айцец зацвердзіў культ Гі з Манпелье

18 мая 2024 года быў апублікаваны апостальскі ліст Fide incensus, выдадзены па асабістай ініцыятыве (motu proprio) Папы. Згодна з ім Гі з Манпелье быў уключаны ў лік благаслаўлёных. Адбылася так званая раўназначная беатыфікацыя.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У лісце Францішак ахарактарызаваў новага благаслаўлёнага як “абсалютна ўнікальнага чалавека ў сваім сціплым духоўным жыцці, паслухмянасці і служэнні бедным”. Папа адзначыў, што Гі, “жадаючы як мага дакладней рэалізаваць ідэал міласэрнасці, абвешчаны Езусам, акрэсліў вельмі шырокую мэту сваёй працы, якая заключалася ў тым, каб ахапіць чалавека ў яго паўнаце, з душой і целам, і звярнуць увагу на ўсіх, ад наймалодшых да самых старых”.

“Таму мы лічым, што настаў час асаблівым чынам прадставіць яго Касцёлу Божаму, да якога Ён працягвае прамаўляць праз сваю веру і ўчынкі міласэрнасці”, - напісаў Святы Айцец.

У апостальскім лісце падкрэсліваецца жыццяздольнасць манаскай харызмы – “і сёння праца Гі прыносіць шмат добрых плёнаў дзякуючы манаскім супольнасцям, якія нястомна дапамагаюць бедным, працягваючы справы міласэрнасці, распачатыя іх заснавальнікам у Манпелье”.

Благаслаўлёны Гі з Манпелье жыў на мяжы XII і XIII стагоддзяў. Ён заснаваў Ордэн Шпітальераў Духа Святога і брацтва Духа Святога, якія ўтрымлівалі шпіталі для бедных і патрабуючых, дзе нежаданыя дзеці атрымлівалі клопат. Згодна з рэгулай, браты былі абавязаны раз на тыдзень выходзіць на вуліцы горада і шукаць тых, хто мае патрэбу, а кожны хворы бядняк меў права быць прынятым у шпіталь.

У касцёле Духа Святога ў Рыме да сённяшняга дня захавалася акно жыцця, дзе прымалі кінутых немаўлят. Рэгула таксама прадпісвала шпітальерам дапамагаць жанчынам, якія займаюцца прастытуцыяй, калі тыя вырашылі змяніць сваё жыццё.
 

20 мая 2024, 09:29