Пошук

Святы Айцец на веронскай Арэне: устаньце, будаўнікі міру!

“Давайце на будзем сеяць смерць, разбурэнне, страх. Давайце сеяць надзею!” – заклікаў Папа ўдзельнікаў сустрэчы “Арэна міру”, якая 18 мая 2024 года прайшла ў італьянскай Вероне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Францішак прыняў удзел у сустрэчы Арэна міру. Справядлівасць і мір пацалуюцца. У форуме, які прайшоў на знакамітай веронскай Арэне, удзельнічалі 12 тысяч прадстаўнікоў грамадскіх рухаў і асацыяцый.

Мір альбо належыць усім, альбо не належыць нікому. Яго пошук – гэта шматгранны і пастаянны шлях. “Міру неабходна спрыяць, яго неабходна рыхтаваць, аб ім трэба клапаціцца, яго трэба адчуць і арганізаваць”, - гаворыцца ў сумеснай заяве ўдзельнікаў мерапрыемства.

Францішак адказаў на шэраг пытанняў удзельнікаў. На пачатку сустрэчы пытанне Святому Айцу задалі прадстаўнікі італьянскай арганізацыі Медыкі без межаў (Medici senza frontiere) і бразільскага руху беззямельных. Па іх словах, зрабіць першы крок да міру – значыць стаць на бок ахвяры, даць ёй голас, каб несправядлівасць у дачыненні да яе была навідавоку. На пытанне аб тым, як зрабіць гэты не просты крок, Францішак адказаў: “Станавіцца на бок малых, слабых, пакінутых вучыць нас Евангелле”. Неабходна паўстаць разам з імі супраць гвалту, ахвярамі якога яны з'яўляюцца, адмовіўшыся ад абыякавасці і апраўданняў. Гэта тычыцца не толькі асобных грамадзян, супольнасцяў і рухаў, але і ўстаноў. Станавіцца на бок слабых нязручна, але важна бачыць у гэтай змене перспектывы “не страту, а ўзбагачэнне”.

Прадстаўніца італьянскай жаночай асацыяцыі, якая змагаецца з забруджваннем вады, і маладая экаактывістка з Уганды Ванэса Накатэ, падкрэслілі, што мір немагчымы без клопату аб навакольным асяроддзі. Аднак пабудова справядлівых адносін паміж усім жывым патрабуе часу. Як знайсці яго ў нашу адзначаную хуткасцю эпоху? - запыталіся актывісткі.

На думку Пантыфіка, адказам на гэтае напружанне, паскарэнне нашага часу павінна стаць запаволенне. “Лічбавая рэвалюцыя апошніх гадоў дазволіла нам заўсёды быць на сувязі, у тым ліку з вельмі далёкімі людзьмі, выконваць працу дыстанцыйна. У нас павінна быць больш вольнага часу, а замест гэтага мы заўважаем, што мы заўсёды ў спешцы, выконваем нешта тэрмінова ў апошнюю хвіліну. Мы адчуваем, што ўсё гэта не натуральна”, - зазначыў Папа, заклікаючы запаволіць бег, вызваліць месца ўнутры нас для дзеяння Бога, прыняць больш глыбокі і шырокі гарызонт.

Запаволенне – гэта рэвалюцыя, якую неабходна здзейсніць, каб зноў прызнаць існаванне рытмаў і звязаных з імі абмежаванняў. Прызнаваць і паважаць іх. “Перад намі велізарная задача – ісці супраць плыні, каб зноў адкрыць і захаваць гэтыя прыродныя рытмы”, - сказаў Папа, дадаючы, што няма неабходнасці пачынаць усё з нуля, таму што “ў многіх культурах можна знайсці скарбы мудрасці і вопыту, якія можна выкарыстоўваць”.

Італьянскія актывісты Андрэа Рыкардзі, заснавальнік Супольнасці святога Эгідзія, і Серджа Паранэта з Супольнасці Pax Christi, запыталі Францішка, як заставацца міратворцамі ў сітуацыі канфлікту.

Папа адказаў, што першы крок, які трэба зрабіць, - гэта прызнаць, што здаровыя напружанасць і канфлікты “з'яўляюцца часткай нашага жыцця, яны фізіялагічныя, калі не пераходзяць парог гвалту”. Ён заклікаў не баяцца канфрантацыі, не баяцца розных ідэй, даследаваць прычыны ўсіх бакоў, у тым ліку і схаваныя, не цалкам усвядомленыя прычыны канфліктаў. Гэта магчыма дзякуючы дыялогу, часткай якога з'яўляецца ўважлівае слуханне. Канфлікты вырашаюцца дыялогам і павагай да іншага, зазначыў Святы Айцец.

Два прадпрымальніка, ізраільцянін Маоз Інон і палесцінец Азіз Сарах, якія страцілі на вайне блізкіх людзей, адзначылі, што гора зблізіла іх і прымусіла дзейнічаць дзеля лепшай будучыні. Яны па-братэрску абняліся на сцэне адно з адным, а потым і з Папам Францішкам. "Пакуты гэтых двух братоў - гэта пакуты двух народаў. (...) У іх хапіла смеласці абняць адзін аднаго, і гэта не толькі мужнасць і жадання міру, але і план на будучыню”, - пракаментаваў абдымкі Пантыфік. Па яго словах, на такое сведчанне можна адказаць толькі маўчаннем і малітвай, падчас якіх ён заклікаў прысутных падумаць пра дзяцей і пажылых, якія пакутуюць ад вайны.

Напрыканцы сустрэчы, падчас якой прагучалі сведчанні шматлікіх актывістаў і міратворцаў з розных куткоў свету, Папа звярнуўся да слухачоў з заключнай прамовай. Ён заклікаў свет “прыслухацца да жанчын, каб дасягнуць міру”.

“Я ўсё больш пераконваюся, што будучыня чалавецтва знаходзіцца не толькі ў руках вялікіх лідараў, вялікіх дзяржаў і элітаў. Яна перш за ўсё ў руках народаў, у іх здольнасці арганізоўвацца”, - сказаў Францішак. Ён заклікаў міратворцаў Святой Зямлі звяртацца да сусветных лідараў з просьбай прыслухацца да іх голасу, прыцягваць іх да перагаворных працэсаў, “каб пагадненні засноўваліся на рэальнасці, а не на ідэалогіях”. “У ідэалогій няма ног, каб хадзіць, у іх няма рук, каб лячыць раны, у іх няма вачэй, каб бачыць пакуты адзін аднаго. Мір дасягаецца нагамі, рукамі і вачыма пакутуючых народаў”, - сказаў Папа.

“Мір ніколі не будзе плёнам недаверу, муроў, зброі, накіраванай адзін на аднаго. Апостал Павел кажа: "Што чалавек пасее, тое і пажне" (Гал 6, 7). Давайце на будзем сеяць смерць, разбурэнне, страх. Давайце сеяць надзею! Гэта тое, што вы робіце сёння на гэтай арэне міру. Не спыняйцеся. Не губляйце мужнасці. Не будзьце назіральнікамі гэтай так званай непазбежнай вайны. Як казаў біскуп Таніна Бэла: "Устаньце, будаўнікі міру!” - завяршыў сваю прамову Святы Айцец. Пачуўшы гэтыя словы, усе прысутныя на веронскай Арэне ўсталі.

Cустрэча "Арэна міру. Справядлівасць і мір пацалуюцца" у Вероне

 

18 мая 2024, 13:09