Пошук

Францішак прывітаў экуменічную дэлегацыю з Ганконга

Маліцца і працаваць разам заклікаў Францішак дэлегацыю ганконскага Хрысціянскага савета – пратэстанцкай хрысціянскай экуменічнай арганізацыі, заснаванай ў 1954 годзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

22 мая 2024 года Пантыфік прывітаў у ватыканскім Апостальскім палацы экуменічную дэлегацыю з Ганконга. Ён выказаў гасцям падзяку “за гэты візіт, які з'яўляецца сапраўдным суцяшэннем".

Папа працытаваў "вялікага праваслаўнага епіскапа", грэчаскага багаслова Зізіуласа, які памёр 2 лютага 2023 года. Той казаў, што "адзінства хрысціянскіх Цэркваў будзе ў нас толькі ў дзень Страшнага суда. А пакуль мы павінны разам маліцца і працаваць разам". “Гэта вельмі важна: працаваць разам, таму што ўсе мы верым у Езуса Хрыста, маліцца разам, маліцца за адзінства", - сказаў Папа.

Затым Францішак нагадаў словы іншага вялікага праваслаўнага патрыярха, Афінагора, які на сустрэчы з Паўлам VI казаў: "Давайце зробім так: збяром усіх багасловаў на адзін востраў, каб яны там сварыліся адзін з адным, а мы пойдзем наперад з мірам". “У нас адзін і той жа хрост, і гэта робіць нас хрысціянамі. У нас шмат ворагаў, а мы – сябры! Ворагі – звонку, а тут сябры. Гэта праўда, тое, што я кажу пра ворагаў, гэта рэальнасць, пра якую казаў нам Пан: Царкву заўсёды будуць пераследваць. Пакутніцтва за веру заўсёды было ў гісторыі нашых Цэркваў, заўсёды, ці не так? Ідзем далей”, - заахвоціў Папа.

Святы Айцец прыгадаў візіт Паўла VI ва Уганду, падчас якога ён аддаў даніну павагі каталіцкім і англіканскім пакутнікам, закатаваным у 1885-1887 гадах. “Я таксама, калі былі закатаваныя копты, адразу сказаў, што яны таксама нашы пакутнікі, яны пакутнікі ўсіх. Ёсць два хроста: адзін – той, які ўсе мы атрымалі, і другі – той, які Пан называе хростам крывёю – пакутніцтва. Усе мы ведаем пра пакутніцтва многіх хрысціян, якія аддалі свае жыцці за веру”, - сказаў Папа, маючы на ўвазе копцкіх мучанікаў, забітых тэрарыстамі ў Лівіі ў 2015 годзе.

22 мая 2024, 12:43