Святы Айцец: быць песнярамі надзеі ў свеце
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак заўважыў, што Унебаўшэсце – гэта не адыход Хрыста ад нас, а спаўненне Яго місіі. “Езус сышоў да нас, каб дапамагчы нам узысці да Айца; Ён спусціўся ўніз, каб узняць нас на вышыню; Ён сышоў у глыбіні зямлі, каб Неба магло раскрыцца над намі. Ён знішчыў нашу смерць, каб мы маглі атрымаць вечнае жыццё. Гэта фундамент нашай надзеі: Хрыстус, які ўзышоў на Неба і нясе ў сэрца Бога нашу чалавечнасць, поўную чаканняў і пытанняў”, - сказаў Папа.
Пантыфік патлумачыў, што хрысціянская надзея – гэта “не просты чалавечы аптымізм ці эфемернае чаканне, звязанае з зямнымі гарантыямі”, а “рэальнасць, якая ўжо споўнілася ў Езусе” і кожны дзень дорыцца нам.
“Хрысціянская надзея падтрымлівае нас на жыццёвым шляху, нават калі ён становіцца балючым і цяжкім, яна адкрывае перад намі дарогі ў будучыню, калі расчараванне і песімізм хацелі б зрабіць з нас нявольнікаў; яна паказвае магчымае дабро, калі здаецца, што пераважае зло; яна напаўняе нас спакоем, калі сэрца абцяжарана паразай і грахом; яна дапамагае нам марыць пра новае чалавецтва і робіць мужнымі ў будаванні братэрскага і мірнага свету, калі здаецца, што больш не варта намагацца”, - запэўніў Святы Айцец.
Францішак заклікаў маліцца аб тым, каб стаць “песнярамі надзеі ў свеце”, пазначаным вялікай роспаччу. “З дапамогай жэстаў, слоў, штодзённых рашэнняў, праз цярплівасць, з якой сеем крыху прыгажосці і ветлівасці там, дзе знаходзімся, мы хочам спяваць гімн надзеі, каб яе мелодыя прымусіла вібрыраваць струны душы чалавецтва і абудзіла ў сэрцах радасць і адвагу прыняцця жыцця”, - сказаў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што надзеі патрабуюць усе. “Яе патрабуе грамадства, у якім мы жывём, часта зануранае толькі ў сучаснасць і няздольнае глядзець у будучыню; яе патрабуе наша эпоха, якая часта стомлена спаўзае ў шэрасць індывідуалізму і “выжывання”; яе патрабуе стварэнне, цяжка параненае і абрабаванае людскім эгаізмам; яе патрабуюць народы і краіны, якія глядзець на заўтрашні дзень, поўныя неспакою і страхаў, у той час як несправядлівасць высакамерна распаўсюджваецца, бедныя спісваюцца ва ўтыль, войны сеюць смерць, бедныя застаюцца напрыканцы спісу і мара пра братэрскі свет рызыкуе застацца міражам. Надзеі патрабуе моладзь, часта дэзарыентаваная, але якая прагне жыць паўнатой; патрабуюць пажылыя людзі, якіх культура эфектыўнасці і адчужэння больш не ўмее паважаць і слухаць; яе патрабуюць хворыя і ўсе зраненыя целам і духам, якія могуць атрымаць палёгку праз нашу блізкасць і клопат”, - сказаў Папа.
Пантыфік перакананы, што надзеі патрабуе Касцёл, які не павінен забываць, што з’яўляецца Нявестай Хрыста – умілаванай вечнай і вернай любоўю, пакліканай захоўваць святло Евангелля, пасланай перадаваць усім полымя, якое Езус прынёс і запаліў у свеце аднойчы і назаўжды.
“Браты і сёстры, надзеі патрабуе кожны з нас: нашы жыцці, часам стомленыя і параненыя, нашы сэрцы, спрагнёныя па праўдзе, дабрыні і прыгажосці, нашы мары, якія не можа пагасіць ніякая цемра. Усё, унутры і знутры нас, кліча надзею і шукае, нават несвядома, блізкасці Бога”, - сказаў Папа. Ён спаслаўся на Рамана Гвардзіні, запэўніваючы ў тым, што ў наш час Бог настолькі блізкі да чалавецтва, як у ніводную іншую эпоху. На завяршэнне гаміліі Францішак выказаў пажаданне, каб “Пан, які ўваскрос і ўзышоў на Неба, адарыў нас ласкай, якая дазволіць нанава адкрыць для сябе надзею, абвяшчаць надзею і ствараць надзею”.