Пошук

Святы Айцец: выхоўваць моладзь у духу салідарнасці

Пра важнасць выхавання моладзі ў духу салідарнасці казаў Францішак у сваім звароце да прадстаўнікоў каталіцкага Каледжа Мэрымак (ЗША), якіх прыняў 10 мая 2024 года на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Каледж Мэрымак (Merrimack College) быў заснаваны ў 1947 годзе аўгусцінцамі, каб даць адукацыйныя магчымасці для ветэранаў Другой сусветнай вайны, а таксама адрадзіць у іх надзею, упэўненасць у будучыні і сэнс жыцця.

Ператвараць крызісы ў магчымасці

На думку Святога Айца, сучасная моладзь таксама сутыкаецца з мноствам выклікаў – фінансавых, экалагічных, палітычных, дэмаграфічных, міграцыйных, аднак нельга скарацца перад абліччам гэтым праблем. Адна з фундаментальных мэтаў адукацыі павінна заключацца ў тым, каб дапамагчы маладым людзям супрацьстаяць цяжкасцям, каб яны маглі расці ў духу салідарнасці. Важна, каб моладзь "вучылі разам пераадольваць цяжкасці", каб кожны жыццёвы крызіс "можна было ператварыць у магчымасць для росту", - сказаў Папа.

Вучыць каштоўнасцям салідарнасці

Святы Айцец працытаваў свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI, які ў энцыкліцы Spe salvi пісаў аб тым, што чалавек здабывае адкупленне не праз навуку, а дзякуючы любові. Неабходна вучыць моладзь таму, каб яна “вызначала і накіроўвала наяўныя рэсурсы, з дапамогай крэатыўнага планавання, на справядлівае і міласэрнае асабістае і грамадскае жыццё”, падкрэсліў напрыканцы прамовы Францішак, даручаючы Каледж Мэрымак заступніцтву Панны Марыі і cвятога Аўгустына.

10 мая 2024, 14:06