Святы Айцец: знайсці спосаб дамовіцца аб міры
Марыя Валодзіна - Vatican News
У інтэрв'ю праграме 60 хвілін, якую амерыканскі тэлеканал CBS запісаў 24 красавіка 2024 года і трансліраваў 19 мая, Францішак пракаментаваў дэкларацыю Fiducia Supplicans: Касцёл благаслаўляе ўсіх людзей, але не гомасэксуальныя адносіны. “Тое, што я дазволіў, было не благаслаўляць саюз”, таму што гэта ідзе насуперак закону Касцёла. “Але благаслаўляць кожнага чалавека – гэта зусім іншае. Благаслаўленне для ўсіх. Для ўсіх", - зноў падкрэсліў Папа.
Усынаўленне замест сурагатнага мацярынства
Журналістка нагадала Францішку яго словы аб тым, што "гомасексуалізм не з'яўляецца злачынствам", на што Папа адказаў: "Не. Гэта чалавечы факт". Што да сурагатнага мацярынства, то яно "стала бізнесам, і гэта вельмі дрэнна. Гэта вельмі адмоўна", - лічыць Святы Айцец. "Для некаторых жанчын, напрыклад, хворых, яно можа быць адзінай надзеяй”, - заўважыла журналістка. "Іншая надзея – усынаўленне", - запярэчыў Папа, заклікаючы не ўхіляцца ад маральнага прынцыпу.
Крытыка кансерватараў
На пытанне пра крытыку некаторых кансерватыўных біскупаў ЗША Францішак адказаў: "Кансерватар – гэта той, хто чапляецца за нешта і не хоча бачыць нічога іншага. Гэта суіцыдальнае стаўленне, таму што адна справа – улічваць традыцыі, разглядаць сітуацыі мінулага, іншая – замыкацца ў дагматычнай скрынцы".
Заклік спыніць войны
Напярэдадні Сусветнага дня дзяцей, які пройдзе ў Рыме 25-26 мая, Пантыфік скіраваў свае думкі да самых маленькіх, асабліва да тых, хто пакутуе ад вайны ў Газе, Украіне. Гэта дзеці, якія "забыліся, як усміхацца", - сказаў Папа, звяртаючыся да ваюючых краін: "Спыніцеся ўсе. Спыніце вайну. Вы павінны знайсці спосаб дамовіцца аб міры. Прыкладзіце намаганні, каб дасягнуць міру. Мір заўсёды лепшы, чым бясконцая вайна... Калі ласка, спыніцеся. Вядзіце перамовы".
Ідэалогіі – заўсёды зло
Каментуючы вайну ў Газе, а таксама ўніверсітэцкія пратэсты і рост антысемітызму, Пантыфік зазначыў, што “усякая ідэалогія – зло, а антысемітызм – гэта ідэалогія, і яна – зло. Кожная ідэалогія анты (супраць) заўсёды дрэнная. Можна крытыкаваць той ці іншы ўрад: урад Ізраіля, урад Палесціны. Можна крытыкаваць, колькі заўгодна, але нельга быць супраць народа. Ні супраць палесцінскага народа, ні супраць ізраільскага народа”.
Пакуты мігрантаў: многія "мыюць рукі"
Кажучы пра пакуты мігрантаў, Папа асудзіў той факт, што многія "мыюць рукі". “Шматлікія понціі пілаты бачаць, што адбываецца ў свеце: войны, несправядлівасць, злачынствы... Гэта абыякавасць... Калі ласка, мы павінны зноў напоўніць нашы сэрцы спачуваннем. Мы не можам заставацца абыякавымі да гэтых чалавечых драм. Глабалізацыя абыякавасці – вельмі дрэнная хвароба", - сказаў Святы Айцец.
Папа назваў "чыстым вар'яцтвам" навіну аб тым, што Тэхас спрабуе закрыць каталіцкую арганізацыю на мяжы з Мексікай, якая аказвае гуманітарную дапамогу мігрантам. "Закрываць мяжу і пакідаць іх там – гэта вар'яцтва", - падкрэсліў ён. "Мігрант павінен быць прыняты. Потым будзе відаць, што рабіць. Можа, яго трэба будзе адправіць назад, я не ведаю, але кожны выпадак павінен разглядацца па-чалавечы", - сказаў Францішак.
Гвалт нельга цярпець
На пытанне аб злоўжываннях у Касцёле Папа сцвердзіў, што гэтыя злачынствы "нельга цярпець". Ён прызнаў, што неабходна працягваць "рабіць больш" па гэтаму пытанню, таму што "на жаль, трагедыя злоўжыванняў велізарная", і трэба сачыць за тым, каб злоўжыванні не толькі былі пакараныя, але і ніколі не паўтараліся.