Пошук

У Ватыкане прадставілі сімвалы падарожжа Папы ў Азію і Акіянію

8 мая 2024 года ў Ватыкане былі прадстаўлены лагатыпы і дэвізы падарожжа Папы ў Папуа-Новую Гвінею, Інданезію, Усходні Тымор і Сінгапур. Францішак наведае гэтыя краіны з 2 па 13 верасня.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Галоўным элементам пілігрымкі Святога Айца ў Інданезію (3-6 верасня) стала яго выява з узнятай у благаслаўленні рукой на фоне эмблемы залатога Гаруды – свяшчэннага арла, зробленага ў манеры, што нагадвае традыцыйную тканіну “батык”. Яе стракаты арнамент падкрэслівае разнастайнасць этнічных і сацыяльных груп, моў, культур і рэлігійных вераванняў Інданезіі. Візіт пройдзе пад дэвізам: Вера – Братэрства – Міласэрнасць.

Лагатып падарожжа ў Папуа-Новую Гвінею (6-9 верасня) складаецца з трох элементаў: крыжа, райскай птушкі з колерамі нацыянальнага сцяга і надпісам на англійскай мове – Pray (Маліцца). Гэта слова стане дэвізам візіту ў Папуа-Новую Гвінею. Натхненнем для яго паслужыла просьба апосталаў, скіраваная да Езуса Хрыста: “Пане, навучы нас маліцца” (Лк 11, 1). Такім чынам мясцовыя хрысціяне выражаюць жаданне ўсяго народа, навучыцца маліцца пад кіраўніцтвам Святога Айца.

У лагатыпе падарожжа Пантыфік ва Усходні Тымор (9-11 верасня) спалучаны яго фотаздымак з узнятай у благаслаўленні рукой, выява зямнога шара і фізічнай карты гэтай краіны. У верхняй частцы сімвал абрамляецца дэвізам, напісаным на партугальскай мове: Que a vossa fé seja a vossa cultura (Няхай ваша вера стане вашай культурай).

Пілігрымка ў Сінгапур (11-13 верасня) пройдзе пад дэвізам Адзінства – Надзея, якія выражаюць прагненне еднасці ў мясцовым Касцёле і грамадстве, а таксама спадзяванне на тое, што візіт Папы стане маяком для хрысціян у рэгіёне, асабліва для тых, хто спазнаў дыскрымінацыю і пераслед. Гэтыя два словы з’яўляюцца галоўнымі элементамі лагатыпа. Яны напісаны жоўтымі літарамі на белым фоне – колеры ватыканскага флага, – і раздзелены выявай крыжа, стылізацыя якога натхнёная бэтлеемскай зоркай, Эўхарыстыяй і зоркамі, прысутнымі на дзяржаўным флагу гэтай азіяцкай краіны.

08 мая 2024, 13:12