Францішак: алімпійскае перамір'е можа спрыяць мірным адносінам
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кніга выйшла ў свет у ватыканскім выдавецтве LEV па ініцыятыве спартыўнага клуба Athletica Vaticana. У прадмове Францішак выказаўся у падтрымку алімпійскага перамір'я, адзначыўшы, што спорт можа “будаваць масты, разбураць бар'еры і развіваць мірныя адносіны”.
Папа нагадаў, што, па прапанове Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, перамір'е пачынаецца за тыдзень да пачатку Алімпіяды і канчаецца праз тыдзень пасля закрыцця Паралімпіяды, увасабляючы сабой сапраўдны алімпійскі і паралімпійскі дух як проціяддзе ад вайны і гвалту.
Пантыфік выказаў спадзяванне, што алімпійскі і паралімпійскі спорт, з яго захапляльнымі чалавечымі гісторыямі, “можа стаць арыгінальным дыпламатычным каналам для пераадолення, здавалася б, непераадольных перашкод”.
Папа нагадаў, што спорт аб'ядноўвае людзей, а пяць пераплеценых алімпійскіх кольцаў увасабляюць дух братэрства, які павінен характарызаваць Алімпіяду і спартыўныя спаборніцтвы ў цэлым.
У 2021 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт вырашыў дадаць слова разам да знакамітага алімпійскага дэвізу Citius, altius, fortius (хутчэй, вышэй, мацней). Гэта падкрэслівае важнасць супрацоўніцтва, прасоўвання больш справядлівага і інклюзіўнага грамадства, пераадолення культурных, моўных і рэлігійных бар'ераў, лічыць Пантыфік.
Папа падкрэсліў што, спорт – гэта права кожнага, у тым ліку людзей з абмежаванымі магчымасцямі і бежанцаў. Яны – не проста спартсмены, а сімвалы надзеі і міру. Іх досвед сведчыць пра тое, што спорт можа змяніць ўспрыманне інваліднасці і спрыяць інклюзіўнасці.
Святы Пасад будзе працягваць заахвочваць братэрскае і інклюзіўнае бачанне спорту, падтрымліваючы алімпійскі і паралімпійскі рух як інструмент міру і згуртаванасці, гаворыцца ў прадмове.