Францішак: дапаможам тым, хто трапіў у няволю наркотыкаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сёння адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абаротам, устаноўлены Генеральнай асамблеяй ААН у 1987 годзе. Яго сёлетняя тэма: Доказы відавочныя: інвестуйце ў прафілактыку, - заўважыў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 26 чэрвеня 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.
Кожны чалавек мае годнасць Божага дзіцяці
Пантыфік нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ пра тое, што наркаманія абядняе грамадствы, у якіх сустракацца, аслабляе чалавечыя сілы і маральныя асновы, падрывае каштоўнасці і знішчае жаданне рабіць уклад у будаванне лепшай будучыні. Ён заклікаў памятаць, што кожны наркаман “нясе ў сябе сваю асабістую гісторыю, якую неабходна выслухаць, зразумець, палюбіць і, наколькі гэта магчыма, аздаравіць і ачысціць”. Святы Айцец падкрэсліў, што наркаманы заўсёды маюць чалавечую годнасць, бо таксама з’яўляюцца Божымі дзецьмі.
Патрэба мужных дзеянняў усяго грамадства
“Мы не можам ігнараваць злыя намеры і дзеянні наркадылераў і гандляроў наркотыкамі. Яны – забойцы. Папа Бэнэдыкт XVI прамовіў суровыя словы падчас наведвання адной тэрапеўтычнай супольнасці: “Я кажу гандлярам наркотыкамі, каб яны задумаліся над тым злом, якое яны прычыняюць мноству маладых і дарослых людзей з усіх сацыяльных слаёў: Бог спытае з іх за ўчыненае. Чалавечая годнасць не можа прыніжацца такім чынам”, - дадаў Францішак.
Гандляры наркотыкамі – гандляры смерцю
Святы Айцец падкрэсліў, што “змяншэнне залежнасці ад наркотыкаў не можа быць дасягнута шляхам лібералізацыі іх ужывання, як гэта прапануецца або ўжо ажыццяўляецца ў некаторых краінах”. “Ведаючы мноства трагічных гісторый наркаманаў і іх сем’яў, я ўпэўнены, што з маральнага пункту гледжання неабходна пакласці канец вытворчасці і абароту гэты небяспечных рэчываў. Як шмат ёсць у свеце гандляроў смерцю, якія кіруюцца логікай улады і грошай любым коштам. Гэта зло, якое спараджае гвалт, сее пакуты і смерць, патрабуе мужных дзеянняў ад усяго грамадства”, - сцвердзіў Пантыфік.
Святы Айцец заўважыў, што вытворчасць і гандаль наркотыкамі таксама аказваюць разбуральнае ўздзеянне на наш супольны дом, што становіцца ўсё больш відавочна ў басейне Амазонкі.
Прафілактыка – прыярытэтны шлях
“Іншым прыярытэтным напрамкам супрацьдзеяння злоўжыванню наркатычнымі сродкамі і іх незаконнаму абароту з’яўляецца прафілактыка, якая здзяйсняецца шляхам сцвярджэння большай справядлівасці, выхавання моладзі ў духу каштоўнасцей, што будуюць асабістае і грамадскае жыццё, суправаджэння людзей у нястачы і нясення надзеі на будучыню”, - сказаў ён.
Францішак распавёў, што падчас сваіх падарожжаў наведаў некалькі тэрапеўтычных супольнасцей, дзейнасць якіх натхнёная Евангеллем. Ён назваў такія структуры моцным і абнадзейлівым сведчаннем таго, як святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі імкнуцца рэалізаваць у жыццё прыпавесць пра Добрага самараніна. Пантыфік адзначыў таксама важнасць намаганняў епіскапатаў розных краін, накіраваных да прасоўванне справядлівага заканадаўства і палітыкі адносна лячэння наркаманаў і прафілактыкі, каб спыніць гэта бедства.
Наследаваць прыклад Езуса
“Дарагія браты і сёстры, перад абліччам трагічнай сітуацыі нарказалежнасці мільёнаў людзей ва ўсім свеце, перад абліччам скандалу, звязанага з незаконнай вытворчасцю і абаротам наркотыкаў, “мы не можам быць раўнадушнымі”. Пан Езус спыняўся, набліжаўся, залечваў раны. Мы таксама пакліканы дзейнічаць у стылі Яго блізкасці: спыняцца перад сітуацыямі ўразлівасці і пакут, быць здольнымі прыслухоўвацца да воклічу самотнасці і трывогі, схіляцца, каб уздымаць і вяртаць да жыцця тых, хто трапіў у няволю наркотыкаў”, - сказаў Папа, заклікаючы маліцца аб навяртанні гандляроў наркотыкамі, з-за якіх гіне шмат моладзі.