Францішак: Езус дапамагае нам спраўляцца з бедамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
“У сённяшнім Евангеллі перад намі паўстае Езус з вучнямі ў лодцы на Тыверыядскім возеры. Раптам здараецца моцная бура, і лодцы пагражае патапленне. Езус, які спіць, абуджаецца, суцяшае вецер, і ўсё прыходзіць у норму (пар. Мк 4, 35-41)”, - нагадаў Святы Айцец.
“Напярэдадні вечарам Езус загадаў вучням сесці ў лодку і пераправіцца на другі бераг возера. Яны былі дасведчанымі рыбакамі, жылі ў гэтай мясцовасці, але бура магла паставіць іх у цяжкае становішча. Здаецца, Езус выпрабоўвае іх. Аднак Ён не пакідае іх, застаецца з імі ў лодцы, спакойны, больш за тое – спіць. І калі бушуе бура, сваёй прысутнасцю супакойвае іх, падбадзёрвае, заахвочвае да большай веры і суправаджае іх у бяспечнае месца. Чаму ён так паступае?” - спытаў Папа.
“Каб умацаваць веру вучняў і зрабіць іх больш смелымі”, - адказаў ён. Сапраўды, пасля гэтага досведу вучні лепш усведамляюць моц Езуса, і самі становяцца мацнейшыя і гатовыя сутыкнуцца з перашкодамі і цяжкасцямі, у тым ліку і з страхам перад абвяшчэннем Евангелля. “Пераадолеўшы разам з Ім гэтае выпрабаванне, яны змогуць супрацьстаяць многім іншым выпрабаванням, такім як крыж і пакутніцтва, каб несці Евангелле ўсім народам”, - заўважыў Пантыфік.
І з намі Езус робіць тое ж самае, асабліва ў Эўхарыстыі: Ён аб'ядноўвае нас вакол сябе, дае нам сваё Слова, сілкуе нас сваім целам і сваёй крывёю, а затым запрашае нас пайсці да людзей, падзяліцца з імі тым, што мы пачулі, што атрымалі, нават калі гэта цяжка. Гэта не пазбаўляе нас ад бед, але дапамагае супрацьстаяць ім, справіцца з імі. Пераадольваючы нягоды з Яго дапамогай, мы вучымся ўсё больш набліжацца да Яго, давяраць Яго сіле, якая выходзіць далёка за рамкі нашых магчымасцяў, зазначыў Францішак.
“Мы вучымся пераадольваць няўпэўненасць і ваганні, замкнёнасць і прадузятасць з мужнасцю і веліччу сэрца, каб сказаць усім, што Валадарства Нябеснае існуе, яно тут, і што з Езусам мы можам павялічваць яго бязмежна”, - сказаў Святы Айцец.
Папа заклікаў спытаць сябе: у моманты выпрабаванняў, ці ўзгадваю я часы, калі адчуваў прысутнасць і дапамогу Пана? Калі надыходзіць бура, ці дазваляю я трывогам захліснуць сябе або звяртаюся да Яго, каб знайсці суцяшэнне і мір, у малітве, цішыні, слуханні Слова, любові і братэрскім абмене верай?
“Няхай Панна Марыя, якая пакорліва і мужна прыняла Божую волю, даруе нам душэўны спакой у цяжкія гадзіны”, - заклікаў Францішак.