Кардынал Краеўскі даставіць ва Украіну рэанімабіль – дар Папы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні здзейсніць ужо восьмую гуманітарную паездку ва Украіну пасля пачатку шырокамаштабнай вайны. Рэанімабіль для бальніцы ў Зборыве стане ўжо трэцім, які Францішак перадае гэтай краіне. Іерарх даставіць таксама вялікую колькасць лекаў і медыцынскіх сродкаў ад Ватыканскай аптэкі і рымскай клінікі імя Агасціна Джэмэлі.
Падчас місіі кардынал Краеўскі ўзначаліць цырымонію адкрыцця рэабілітацыйнага цэнтра імя святога Яна Паўла ІІ ў Каменец-Падольскай дыяцэзіі, прызначанага для аказання комплекснай фізічнай і псіхалагічнай дапамогі людзям, якія пацярпелі ад вайны: параненым і членам іх сем’яў. Структура была збудавана дзякуючы падтрымцы некалькіх папскіх фондаў, сярод якіх Дапамога Касцёлу ў патрэбе і Papal Foundation.
“Цэнтр імя святога Яна Паўла ІІ, які будзе адкрыты ў апошнія дні чэрвеня кардыналам Краеўскім, а таксама дар машыны хуткай дапамогі і медыкаментаў – гэта жэсты міласэрнасці, якімі Папа Францішак нагадвае, што вера не з’яўляецца бесцялеснай, але бярэ на сябе адказнасць за складаныя сітуацыі і найбольш уразлівых братоў і сясцёр па прыкладзе Добрага самараніна, які паклапаціўся пра чалавека, што стаў ахвярай нападу і быў пакінуты сцякаць крывёю на ўзбочыне”, - гаворыцца ў камюніке ватыканскай Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.