Францішак: самотнасць святароў – выклік для ўсіх
Аляксандр Панчанка - Vatican News
6 чэрвеня 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Дыкастэрыі па справах духавенства, якое прысвечана тром асноўным тэмам: перманентнай фармацыі святароў, спрыянню пакліканням і пастаяннаму дыяканату.
Пераважная большасць святароў клапоціцца пра дабро Божага народа
Пантыфік скарыстаўся нагодай, каб падзякаваць святарам і дыяканам ва ўсім свеце. “Я шмат разоў перасцерагаў перад небяспекамі клерыкалізму і духоўнай свецкасці, але я добра ведаю, што пераважная большасць святароў з вялікай шчодрасцю і духам веры клапоціцца пра дабро святога Божага народа, несучы на сябе цяжар многіх намаганняў і сутыкаючыся з пастырскімі і духоўнымі праблемамі, якія часам нялёгкія”, - сказаў ён.
Толькі семінарыйнай падрыхтоўкі недастаткова
Гаворачы пра фармацыю духавенства, Францішак адзначыў, што ў свеце, які пастаянна змяняецца, яна павінна быць перманентнай. На яго думку, толькі семінарыйнай падрыхтоўкі недастаткова: трэба развіваць тое, што было атрымана ў семінарыі, на шляху, “які дапаможа нам сталець у чалавечым вымярэнні, узрастаць духоўна, знаходзіць належныя мовы евангелізацыі, паглыбляць тое, што нам неабходна для адэкватнага рашэння новых праблем нашага часу”.
Папа звярнуў асаблівую ўвагу на праблему самотнасці, з якой часта сутыкаюцца святары. Многія з іх не могуць разлічваць на “ласку суправаджэння” і не маюць “пачуцця прыналежнасці”, якое з’яўляецца “ратавальнай камізэлькай у часта неспакойным моры асабістага і пастырскага жыцця”. “Стварэнне моцнай сеткі братэрскіх адносін – прыярытэтная задача перманентнай фармацыі”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што самотнасць святароў – гэта выклік для ўсіх і трэба клапаціцца, каб яны заўсёды адчувалі сябе як дома.
Не мірыцца са зніжэннем колькасці пакліканняў
Францішак назваў адным з вялікіх выклікаў для Божага народа таксама зніжэнне колькасці вернікаў, якія адказваюць на пакліканне да святарскага і кансэкраванага жыцця. Ён адзначыў, што гэты крызіс тычыцца і пакліканняў да сужэнства.
“Мы не можам мірыцца з тым, што для многіх маладых людзей ідэя пра радыкальнае ахвяраванне жыцця знікла з далягляду. Таму мы павінны разам разважаць і заставацца ўважлівымі да знакаў Духа”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы сваіх гасцей адрадзіць дзейнасць Папскай ініцыятывы па спрыянні пакліканням да святарства.
Працягваць рэфлексію над пастаянным дыяканатам
Гаворачы пра пастаянны дыяканат, Святы Айцец прызнаў, што дагэтуль узнікаюць пытанні адносна “спецыфічнай тоеснасці” гэтай паслугі, вернутай Другім Ватыканскім Саборам. Ён заахвоціў да разважання аб дыяканаце на Сінодзе Біскупаў, прапануючы звярнуць асаблівую ўвагу на “дыяканат міласэрнай любові і служэння бедным”.