Святы Айцец: сінадальны шлях патрабуе духоўнага навяртання
Аляксандр Панчанка - Vatican News
13 чэрвеня 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі лідараў касцёльных аб’яднанняў, якія сабраліся ў Ватыкане па ініцыятыве Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, каб паразважаць пра сінадальнасць.
“Сінадальны шлях патрабуе духоўнага навяртання, бо без унутранай перамены не будзе доўгатрывалых вынікаў. Я хачу, каб пасля гэтага Сінода сінадальнасць засталася пастаянным спосабам дзеяння ў Касцёле на ўсіх узроўнях, увайшла ў сэрца ўсіх, як пастыраў, так і вернікаў, пакуль не стане агульным “эклезіяльным стылем”. Усё гэта, аднак, патрабуе перамен, якія павінны адбыцца ў кожным з нас, патрабуе сапраўднага навяртання”, - сказаў Папа, прапануючы паразважаць пра некаторыя “сінадальнымі цнотамі”, карыснымі на шляху гэтага навяртання.
Думаць пра Божае
У першую чаргу Пантыфік заахвоціў здзейсніць пераход ад “мыслення па-чалавечы” да “мыслення па-Божаму”. “У Касцёле перад прыняццем кожнага рашэння, перад пачаткам кожнай праграмы, апостальства і місіі мы заўсёды павінны пытацца ў сябе: чаго Бог хоча ад мяне, ад нас, у гэты момант, у гэтай сітуацыі?”, - параіў Францішак, нагадваючы, што “галоўным героем сінадальнага падарожжа з’яўляецца Святы Дух: толькі Ён вучыць нас прыслухоўвацца да Божага голасу, як кожнага паасобку, так і ўвесь Касцёл”.
Пераадольваць усякую закрытасць
Другой “сінадальнай цнотай” Папа назваў “пераадоленне ўсякай закрытасці”, спакусы “закрытага кола”, абсалютызацыі ўласнай пазіцыі і боязі згубіць тоеснасць з прычыны адкрытасці на іншых. Ён заклікаў касцёльныя рухі служыць не самім сабе, а ўсяму Касцёлу.
“Сінадальнасць заахвочвае нас з велікадушнасцю зазірнуць за агароджу, бачыць Божую прысутнасць і Яго дзейнасць нават у незнаёмым нам людзях, у новых пастырскіх формах, у місіянерскіх сферах, дагэтуль невядомых нам; сінадальнасць заахвочвае нас здзівіцца і дазволіць “параніць” сябе, голасам, досведам і пакутамі іншых: братоў і сясцёр па веры і ўсіх людзей вакол нас”, - дадаў Святы Айцец.
Выхоўваць у сабе пакору
Пантыфік адзначыў таксама, што “духоўнае навяртанне павінна пачынацца з пакоры, якая з’яўляецца брамай да ўсіх цнотаў”. Ён падкрэсліў, што “толькі пакорныя здзяйсняюць вялікія справы ў Касцёле”, бо яны маюць моцны фундамент, заснаваны на Божай любові, якая не шукае прызнання.
“Гэты этап духоўнага навяртання з’яўляецца таксама асноватворным для будавання сінадальнага Касцёла: толькі пакорны чалавек па-сапраўднаму цэніць іншых, прымае іх уклад, іх парады, іх унутранае багацце, раскрываючы не сябе, а сваю супольнасць. Менавіта пакорны чалавек бароніць адзінства ў Касцёле, пазбягае падзелаў, пераадольвае напружанасць, будучы здольным адкласці ў бок нават свае ўласныя ініцыятывы, каб зрабіць уклад у супольныя праекты, і гэта таму, што ў служэнні ён знаходзіць радасць, а не расчараванне ці крыўду. Жывая сінадальнасць на ўсіх узроўнях па-сапраўднаму немагчыма без пакоры”, - падкрэсліў Пантыфік.