Пошук

Украінкі перадалі Папу спіс ваенных вязняў з палка Азоў Украінкі перадалі Папу спіс ваенных вязняў з палка Азоў  (Vatican Media)

Маці і жонкі ўкраінскіх ваенных вязняў сустрэліся з Святым Айцом

26 чэрвеня 2024 года на агульнай аўдыенцыі на плошчы святога Пятра былі Таццяна, Тамара, Ала, Віялета з Украіны. Яны прыехалі ў Рым, каб расказаць Францішку пра пакуты сваіх родных, байцоў палка Азоў, асуджаных у Расіі да пажыццёвага зняволення.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Папа – адзіны, хто можа нам дапамагчы, мы хацелі б, каб ён прасіў аб вызваленні ўсіх вязняў”, - сказалі жанчыны ўкраінскай рэдакцыі Vatican News. Апошні раз іх блізкія выходзілі на сувязь больш за два гады ці месяцы таму. "Мы не атрымліваем лістоў і тэлефанаванняў, нават не паведамляюць, дзе яны знаходзяцца, мы атрымліваем інфармацыю толькі са СМІ", - прызналіся маці і жонкі ўкраінскіх вязняў.

“Чаму Папа? Таму што ён – апошні шанец, ён блізкі да Бога. Толькі ён можа дапамагчы. Мы верым, што ён нам дапаможа”, - падзяліліся чатыры жанчыны. У іх памяці ўсплываюць даты, час, дакладныя абставіны, калі яны бачылі і чулі сваіх блізкіх або інфармацыю пра тое, што яны перажываюць, атрыманую са сродкаў масавай інфармацыі і ад іх таварышаў па заключэнні. “Чырвоны Крыж паабяцаў нам, што мы будзем падтрымліваць з імі сувязь, але няма ні лістоў, ні тэлефанаванняў, і яны нават не кажуць нам, дзе яны”, - з горыччу адзначылі суразмоўніцы.

“З палка Азоў незаконна асуджаны 101 чалавек, і мы б вельмі хацелі, каб Папа папрасіў Пуціна вызваліць іх усіх, таму што іх можна абмяняць толькі па амністыі або памілаванні”, - сказалі украінкі. Яны баяцца, што іх блізкія як асуджаныя не трапяць у абмен усіх на ўсіх, якога патрабуе Расія – іх “проста выкрасляць са спісу і яны больш ніколі не вернуцца дадому”. “У нас застаецца ўсё менш варыянтаў”, - патлумачылі жанчыны.

Яны перадалі Пантыфіку некалькі падарункаў: малюнак, які адлюстроўвае цяжкае становішча ўкраінскіх вязняў, фотабуклет з гісторыяй кожнага з іх сыноў і мужоў, гіпсавую скульптуру з дзвюма звязанымі вяроўкай рукамі, якую Папа трымаў некалькіх хвілін, моўчкі молячыся.
 

27 чэрвеня 2024, 10:15