Пошук

Пантыфік абмеркаваў еўрапейскія праблемы з біскупамі ЕС

22 чэрвеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане старшыняў Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE) і Камісіі біскупскіх канферэнцыі Еўрапейскай супольнасці (COMECE).

Марыя Валодзіна - Vatican News

Абмяркоўваліся такія тэмы, як вайна ва Украіне, вынікі еўрапейскіх выбараў, значнае павелічэнне колькасці нацыяналістычных і еўраскептычных партый у шэрагу заходнееўрапейскіх краін.

Пасля аўдыенцыі віцэ-старшыня COMECE, арцыбіскуп Антуан Эруар, распавёў у інтэрв'ю Vatican News пра заклапочанасць еўрапейскіх біскупаў будучыняй Еўропы і выклікамі, якія стаяць перад ЕС у гэты крытычны час, а таксама паразважаў пра ролю хрысціянскіх і іншых рэлігійных супольнасцей у Еўропе.

Нацыяналізм – не рашэнне праблем

Арцыбіскуп Эруар заклікаў членаў ЕС да большай салідарнасці, адзначыўшы "слабасць" Еўропы на міжнароднай арэне. Ён заўважыў, што нацыяналізм не з'яўляецца рашэннем праблем, з якімі сутыкаецца ЕС, уключаючы вострую праблему міграцыі.

Незадаволенасць еўрапейскімі інстытутамі

Што тычыцца нядаўніх выбараў у Еўрапейскі парламент, арцыбіскуп Эруар адзначыў, што іх вынікі пацвярджаюць незадаволенасць многіх еўрапейцаў некаторымі рашэннямі ЕС. Гэта, па яго словах, асабліва тычыцца ключавых краін-заснавальніц ЕС, такіх як Францыя, Германія, Бельгія і Італія, дзе значныя пазіцыі заваявалі правыя партыі. На думку іерарха, гэта адбылося з-за ўспрымання еўрапейскіх інстытутаў як далёкіх ад паўсядзённых праблем простых людзей. Аднак у краінах Усходняй Еўропы, такіх як Польшча, Славакія, Румынія і нават Венгрыя, дзе ўсё больш галасоў набіраюць праеўрапейскія партыі, гэта назіраецца на здзіўленне радзей, адзначыў ён.

У цэлым, нягледзячы на тое, што нацыяналістычныя партыі цяпер займаюць чвэрць месцаў у парламенце (у параўнанні з адной пятай у 2019 годзе), праеўрапейская кааліцыя захавала большасць. Па словах арцыбіскупа Эруара, пакуль рана прагназаваць, ці саступяць новы Еўрапейскі парламент і Камісія ціску нацыяналістычных груп і ці зоймуць яны больш жорсткую пазіцыю па такіх пытаннях, як міграцыя і змена клімату.

Узмацненне голасу і салідарнасці Еўропы

Віцэ-старшыня COMECE адзначыў, што ў дадзены момант Еўропе неабходна ўзмацніць свой голас у дзяржавах-членах, калі яна жадае граць пэўную ролю на міжнароднай арэне ў дасягненні міру ва ўсім свеце, пачынаючы з Украіны.

Роля Касцёла ў будаўніцтве мастоў

Па яго словах, Касцёл разам з іншымі рэлігійнымі супольнасцямі можа спрыяць дасягненню гэтай мэты, заахвочваючы дыялог, будуючы масты і адраджаючы надзею, якую еўрапейцы, здаецца, страцілі. Менавіта да гэтага заахвоціў еўрапейскіх біскупаў Папа Францішак. "Мы не палітычная партыя, у нас няма рашэнняў, але мы павінны паказаць, што праблемы заўсёды шырэй, чым імгненныя інтарэсы асобных краін", - сказаў іерарх.

Напрыканцы інтэрв'ю арцыбіскуп Эруар выказаў упэўненасць у тым, што Еўрапейскі Саюз стане мацней, калі перагледзіць ролю і месца рэлігіі ў сваіх дзяржавах-членах.

23 чэрвеня 2024, 09:45