Папа да G7: штучны інтэлект павінен служыць дабру чалавека
Аляксандр Панчанка - Vatican News
14 чэрвеня 2024 года Святы Айцец прыняў удзел у агульнай сесіі G7, якая прайшла ў Борга-Эньяцыя, у рэгіёне Апулія, на поўдні Італіі. У ёй бралі ўдзел не толькі лідары Вялікай сямёркі, але таксама кіраўнікі многіх іншых краін свету.
Пантыфік прыляцеў у Борга-Эньяцыа на верталёце з Ватыкана. Спачатку ён правёў двухбаковыя сустрэчы з Генеральным дырэктарам Сусветнага банка Крысталінай Георгіевай, Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, Прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і Прэзідэнтам Канады Джасцінам Трудо. Затым, у суправаджэнні Прэм’ер-міністра Італіі Джорджы Мелоні, Францішак прыбыў на пасяджэнне і звярнуўся да дзяржаўных лідараў з прамовай, прысвечанай галоўнай тэме форума – наступствам развіцця штучнага інтэлекту для будучыні чалавецтва.
Надзвычайны прадукт крэатыўнага патэнцыялу чалавека
Папа нагадаў, што навука і тэхналогіі з’яўляюцца “надзвычайнымі прадуктамі крэатыўнага патэнцыялу чалавека”, дзякуючы якому ўзнік штучны інтэлект. Гэты “крайне магутны” інструмент ужываецца ў медыцыне, сферы працы, культуры, камунікацыі, адукацыі і палітыкі. “Можна меркаваць, што яго выкарыстанне будзе ўсё больш і больш уплываць на наш лад жыцця, нашы сацыяльныя адносіны, а ў будучыні нават на тое, як мы будзем разумець нашу чалавечую тоеснасць”, - заўважыў ён.
Святло і цені штучнага інтэлекту
Францішак адзначыў, што тэма штучнага інтэлекту не адназначная: з аднаго боку ён напаўняе энтузіязмам, адкрываючы новыя магчымасці, а з іншага – спараджае страх перад наступствамі яго выкарыстання.
Штучны інтэлект можа забяспечыць дэмакратызацыю доступу да ведаў, спрыяць развіццю навуковых даследаванняў, даць магчымасць дэлегаваць цяжкую працу машынам; але ў той жа час ён можа прынесці з сабой вялікую несправядлівасць паміж развітымі і краінамі, якія развіваюцца, паміж пануючымі і прыгнечанымі сацыяльнымі класамі, тым самым ставячы пад пагрозу магчымасць “культуры сустрэчы” на карысць “культуры адчужэння”, папярэдзіў Папа.
Выкарыстанне тэхналогій павінна натхняцца этычнымі прынцыпамі
Пантыфік заклікаў не забываць, што “штучны інтэлект – гэта ў першую чаргу інструмент”, які можа быць і карысным, і шкодным, як і ўсе інструменты, калі-небудзь створаныя чалавекам. Таму, каб чалавецтва не ператварылася ў ворага для самаго сябе і планеты, выкарыстанне тэхналогій павінна натхняцца этычнымі прынцыпамі.
“Толькі калі будзе гарантавана іх пакліканне служыць чалавеку, тэхналагічныя інструменты раскрыюць не толькі ўнікальную веліч і годнасць чалавечай асобы, але і заданне, якое яна атрымала – “апрацоўваць і ахоўваць” (пар. Быц 2,15) планету і ўсіх яе жыхароў”, - сказаў ён.
Рашэнне заўсёды павінна заставацца за чалавекам
Святы Айцец заклікаў выразна адрозніваць машыну, якая можа рабіць “алгарытмічны выбар” паміж некалькімі магчымасцям, і чалавекам, “які не толькі выбірае, але ў сваім сэрцы здольны прымаць рашэнне”. На яго думку, трэба “дакладна ўсведамляць, што рашэнне заўсёды павінна заставацца за чалавекам”, нават у самых драматычных і тэрміновых сітуацыях.
“Мы асудзім чалавецтва на безнадзейную будучыню, калі адбярэм у людзей здольнасць прымаць рашэнні адносна сябе і свайго жыцця, паставіўшы іх на залежнасць ад выбару машын. Мы павінны гарантаваць і абараняць прастору для значнага чалавечага кантролю над працэсам выбару праграм штучнага інтэлекту: ад гэтага залежыць сама чалавечая годнасць”, - сцвердзіў Пантыфік.
Забараніць выкарыстанне смяротных аўтаномных узбраенняў
Францішак звярнуў асаблівую увагу на праблему выкарыстанне штучнага інтэлекту ў ваенных мэтах. “У такой драме, як узброены канфлікт, неабходна тэрмінова пераасэнсаваць распрацоўку і выкарыстанне такіх прылад, як так званая “смяротная аўтаномная зброя”, каб забараніць іх ужыванне, пачаўшы з актыўных і пэўных намаганняў па ўвядзенні больш і больш значнага чалавечага кантролю”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што “ніводная машына не павінна прымаць рашэнне аб пазбаўленні чалавека жыцця”.
Патрэба ў агульных этычных прынцыпах і здаровай палітыцы
Святы Айцец падтрымаў намаганні па прасоўванні агульных этычных прынцыпаў ў сферы развіцця штучнага інтэлекту, а таксама адзначыў патрэбу ў “здаровай палітыцы”, якая накіруе выкарыстанне штучнага інтэлекту ў добрым напрамку і дазволіць людзям з даверам глядзець у будучыню.
Пасля ўдзелу ў агульнай сесіі G7 Папа правядзе другі раўнд двухбаковых перамоў. Ён паразмаўляе з Прэзідэнтам Кеніі Уільямам Рутам, Прэм’ер-міністрам Індыі Нарэднам Модзі, Прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, Прэзідэнтам Бразіліі Луісам Інасіу Лула да Сілвам, Прэзідэнтам Турцыі Рэджэп Таіпам Эрдаганам і Прэзідэнтам Алжыра Абдэльмаджыдам Тэбунам. Затым ён вернецца на верталёце ў Ватыкан.