Пошук

Пантыфік да сэрцанаў: адлюстраваць любоў у канкрэтнасці ўчынкаў

Без малітвы не можам рухацца наперад, не можам выстаяць – ні ў манаскім жыцці, ні ў апостальстве, - нагадаў Папа ўдзельнікам генеральнага капітула Кангрэгацыі святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак звярнуў увагу сэрцанаў на неабходнасць адзінства ў манаскім жыцці, якое ніхто “не ў стане дасягнуць ў адзіночку – мы можам унесці сваю лепту, але нам патрэбна дапамога Бога”. Ён параіў сваім гасцям “у рашэннях капітула надаваць вялікую ўвагу каштоўнасці сакрамэнтальнага жыцця, стараннасці ў слуханні і разважанні над Словам Божым, цэнтральнаму месцу асабістай і супольнай малітвы, асабліва адарацыі, як сродку асабістага і братэрскага росту і як служэння Касцёлу”.

“Няхай капліца застаецца найбольш папулярным месцам у вашых манаскіх дамах, перш за ўсё як прастора пакорнай і ўспрымальнай цішыні і патаемнай малітвы, каб удары Сэрца Хрыста адзначалі рытм вашых дзён, мадулявалі тон вашых размоў і падтрымлівалі запал вашай дабрачыннасці. Але каб гэта адбылося, нам трэба вызваліць месца для Яго, з вернасцю і сталасцю прымушаючы змоўкнуць у нас марныя словы і думкі, усё прыносячы Яму”, - звярнуўся Пантыфік 27 чэрвеня 2024 года.

Ён пажадаў сэрцанам, каб слова любоў, як Езус, было запісана ў канкрэтнасці іх учынкаў, і каб гэтаму не перашкаджала ні асуджэнне з боку іншых, ні праблемы, якія засмучаюць, ні злосць, якая раніць, ні стома.

“Дарагія браты, працягвайце сваю місію з такой жа верай і з такой жа шчодрасцю! Дзякуй за тое, што вы робіце, ва ўсім свеце!” - такімі словамі Францішак завяршыў сваю прамову да прадстаўнікоў Кангрэгацыі святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
 

27 чэрвеня 2024, 11:22