Пантыфік: гумар – каштоўны дар, які яднае людзей і дорыць спакой
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак падзякаваў сваім гасцям за тое, што “маюць і развіваюць у сабе дар смяшыць”, дзякуючы якому дораць спакой і ўсмешкі нават “пасярод шматлікіх змрочных навін”, дапамагаючы ўсім пераадолець грамадскія і асабістыя цяжкасці і ўмеючы “размаўляць з самымі рознымі людзьмі, прадстаўнікамі розных пакаленняў і культур”.
Смех яднае людзей
“Вы па-свойму аб’ядноўваеце людзей, таму што смех заразлівы. Смяяцца разам лягчэй, чым у адзіночку: радасць адкрывае магчымасці для стасункаў і з’яўляецца лепшым проціяддзем ад эгаізму і індывідуалізму. Смех таксама дапамагае разбураць сацыяльныя бар’еры, ствараць сувязі паміж людзьмі. Ён дазваляе нам выказваць эмоцыі і думкі, спрыяючы фармаванню агульнай культуры і стварэнню прасторы свабоды. Вы нагадваеце нам, што homo sapiens – гэта яшчэ і homo ludens (чалавек гуляючы); што забавы і смех займаюць цэнтральнае месца ў жыцці чалавека, дазваляючы яму выяўляць сябе, вучыцца, надаваць сэнс сітуацыям”, - дадаў Пантыфік.
“Дай мне, Пане, пачуццё гумару”
“Ваш талент – гэта каштоўны дар. Разам з усмешкай ён распаўсюджвае мір у сэрцах, паміж людзьмі, дапамагаючы нам пераадольваць цяжкасці і спраўляцца са штодзённым стрэсам. Ваш талент дапамагае нам знаходзіць палёгку ў іроніі і ставіцца да жыцця з гумарам. Я люблю кожны дзень маліцца словамі святога Томаса Мора: “Дай мне, Пане, пачуццё гумару”. Гэта ласка, аб якой я прашу кожны дзень, таму што яна дапамагае мне ўспрымаць усё ў правільным духу”, - прызнаўся Святы Айцец.
Гумар карысны пры абмеркаванні сур’ёзных праблем
Францішак адзначыў таксама здольнасць гумарыстаў выклікаць смех нават пры абмеркаванні сур’ёзных праблем. “Вы выкрываеце перавышэнне ўлады, агучваеце забытыя сітуацыі, падкрэсліваеце злоўжыванні, звяртаеце ўвагу на непрыстойныя паводзіны... Але пры гэтым вы не сееце трывогу ці жах, неспакой ці страх, як гэта робіць большая частка СМІ; вы абуджаеце крытычнае пачуццё, прымушаючы людзей смяяцца і ўсміхацца. Вы робіце гэта, расказваючы гісторыі з жыцця, выкладаючы рэальнасць у адпаведнасці са сваім арыгінальным пунктам гледжання; і такім чынам вы расказваеце людзям аб вялікіх і малых праблемах”, - сказаў Папа.
Жарты не павінны абражаць
Пантыфік пажадаў, каб гумар не абражаў, не зневажаў і не прыбіваў людзей да іх недахопаў. “У той час як камунікацыя сёння часта спараджае супрацьстаянні, вы ўмееце аб’ядноўваць розныя, часам нават супрацьлеглыя рэальнасці. Як многаму нам трэба навучыцца ў вас!”, - адзначыў Францішак, падкрэсліваючы, што гумар не павінен быць накіраваны “супраць” каго-небудзь, але заўсёды быць інклюзіўным, прапазітыўным, выклікаць адкрытасць, спачуванне і эмпатыю.
Смяяцца можна нават над Богам: без блюзнерства, а як над тым, каго любім
Святы Айцец заўважыў таксама, што смяяцца можна нават з Бога, але без блюзнерства, а як з таго, з кім гуляем і каго любім. “Яўрэйская мудрасць і літаратурная традыцыя – майстры ў гэтым! Гэта можна рабіць, але не абражаючы рэлігійных пачуццяў вернікаў, асабліва бедных”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы сваіх гасцей працягваць падбадзёрваць людзей, асабліва тых, каму цяжка, а таксама дапамагаць з усмешкай глядзець на рэчаіснасць і марыць пра лепшую будучыню.