Пантыфік да рымскіх святароў: у парафіях трэба прымаць усіх

Францішак правёў сустрэчу з рымскім духавенствам, пасвечаным ад 11 да 39 гадоў таму. Мерапрыемства прайшло ў Папскім салезіянскім універсітэце.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У другой палове дня 11 чэрвеня 2024 года Святы Айцец сустрэўся з 160 святарамі Рымскай дыяцэзіі. Гэта трэцяя за апошні месяц сустрэча Біскупа Рыма з духавенствам: 14 мая ён сустракаўся з найстарэйшымі, а 29 мая – з наймаладзейшымі рымскімі святарамі.

Мерапрыемства праходзіла за зачыненымі дзвярыма. Святары сабраліся ва ўніверсітэцкай актавай зале ў суправаджэнні біскупаў Балдасарэ Рэйна і Мікеле Дзі Толвэ. Апошні назваў святароў сярэдняга ўзросту “апорнымі слупамі” дыяцэзіі, таму што менавіта на іх ускладзены самыя вялікія абавязкі. Гэта парафіяльныя святары, прэфекты, капеланы, кіраўнікі ведамстваў курыі, якія займаюцца канкрэтнымі кірункамі ў галіне душпастырства і дабрачыннасці, выкладаюць у школах і ўніверсітэтах, служаць у турмах.

Перш чым увайсці ў актавую залу, Францішак пагутарыў з прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці: студэнтамі, супрацоўнікамі і выкладчыкамі, сярод якіх быў і адзін 96-гадовы святар. Ён пажартаваў са сваімі суайчыннікамі, а таксама прывітаў мясцовых жыхароў, якія сабраліся ля ўніверсітэцкай брамы. Падчас кароткай размовы з журналістамі Папа згадаў свой маючы адбыцца ўдзел у саміце G7, дзе ён плануе разгледзіць такія тэмы, як штучны інтэлект і мір.

Святары цёпла сустрэлі Папу музыкай і спевамі. Пасля малітвы і чытання Евангелля, адбыўся адкрыты дыялог, падчас якога яны свабодна задавалі Святому Айцу пытанні, дзяліліся вопытам і цяжкасцямі. Абмяркоўваліся такія сучасныя глабальныя і мясцовыя праблемы, як наступствы пандэміі, рост беднасці, войны, міграцыя, суправаджэнне адзінокіх пажылых людзей і моладзі ў бядзе. “Наша праца як святароў заключаецца ў пошуку гэтых людзей", таму што "Касцёл альбо прарочы, альбо клерыкальны: які, вырашаць нам", - сказаў Францішак, падкрэсліўшы неабходнасць ператварэння Рымскай дыяцэзіі ў "місійную тэрыторыю".

12 чэрвеня 2024, 10:15