Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: бедныя займаюць асаблівае месца ў сэрцы Бога

Кожнага беднага павінна дасягнуць наша салідарнасць і хрысціянская дабрачыннасць, падкрэсліў Францішак у пасланні на VIII Сусветны дзень бедных, які будзе адзначацца 17 лістапада 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Тэма паслання: Малітва беднага дасягае Бога (Сір 21,5). У год, прысвечаны малітоўнай падрыхтоўцы да Юбілею 2025 года, Францішак нагадаў, што Бог асабліва ўважлівы да малітвы бедных.

На думку Папы, Кніга Сіраха, радок з якой стаў тэмай паслання, з'яўляецца каштоўнай крыніцай мудрасці і вучэння “аб розных аспектах чалавечага жыцця: ад працы да сям'і, ад жыцця ў грамадстве да адукацыі моладзі”. У ёй разглядаюцца нялёгкія праблемы свабоды, зла і Божай справядлівасці, вельмі актуальныя і ў наш час. Яе аўтар – настаўнік і пісар Бэн-Сірах жыў у II стагоддзі да нашай эры. Ён вучыць, што бедныя займаюць прывілеяванае месца ў сэрцы Бога, які слухае іх малітвы з асаблівай увагай.

Бог ведае пакуты сваіх дзяцей. Як клапатлівы бацька, Ён клапоціцца пра тых, хто больш за ўсё мае патрэбу ў Ім: пра бедных і маргіналізаваных. “Але ніхто не выключаны з Яго сэрца, бо перад Ім усе мы бедныя і маем патрэбу. Мы ўсе жабракі, таму што без Бога мы былі б нічым. У нас нават не было б жыцця, калі б Бог не даў яго нам”, - нагадаў Францішак.

Папа папярэдзіў ад свецкага ладу мыслення, які падахвочвае нас імкнуцца да ўлады і багацця, “нягледзячы на ўсё і ўсіх”, як быццам мы – гаспадары жыцця. Гэта ілюзія. “Шчасце немагчыма дасягнуць, зневажаючы правы і годнасць іншых”, - нагадаў Святы Айцец. Гэта пацвярджаюць войны і дрэнная палітыка, якія вядуць да беднасці і пакутаў нявінных ахвяр. Папа заклікаў бачыць у бедных аблічча Сына Божага. “Кожнага з іх павінна дасягнуць наша салідарнасць і хрысціянская дабрачыннасць”, - напісаў ён.

Папа заахвоціў вернікаў маліцца разам з беднымі ў год, прысвечаны малітве. "Горшая дыскрымінацыя, ад якой пакутуюць бедныя, – гэта адсутнасць духоўнай увагі. Пераважная большасць беднякоў валодаюць асаблівай адкрытасцю да веры. Яны маюць патрэбу ў Богу, і мы не можам не прапанаваць ім Яго сяброўства, Яго благаслаўленне, Яго Слова, Сакрамэнты, шлях росту і паспявання ў веры”, - лічыць Святы Айцец.

Для гэтага неабходна мець сціплае, жабрацкае сэрца, здольнае прызнаць сваю беднасць і даверыцца ласцы Божай. Паміж беднасцю, пакорай і даверам існуе пэўная сувязь. Пакорлівы чалавек ведае, што не можа разлічваць на сябе, але цвёрда верыць у міласэрную любоў Бога. “Бедны, які не мае нічога, атрымлівае моц ад Бога і ўскладае на Яго ўвесь свой давер. Сапраўды, пакора стварае ўпэўненасць у тым, што Бог ніколі не пакіне нас”, - гаворыцца ў пасланні. Папа заклікаў бедных не губляць гэтай упэўненасці: “Бог уважлівы да кожнага з вас і знаходзіцца побач з вамі. Ён ніколі не забудзе вас”.

Сусветны дзень бедных – гэта душпастырская магчымасць для кожнай касцёльнай супольнасці. Яна дазваляе вернікам пачуць малітву бедных, усвядоміць іх прысутнасць, рэалізаваць канкрэтныя дабрачынныя ініцыятывы і прызнаць уклад шматлікіх валанцёраў: святароў, кансэкраваных асоб, свецкіх вернікаў, якія дапамагаюць бедным. Яны плывуць супраць плыні ў грамадстве, якое “ставіць багацце на першае месца і часта ахвяруе годнасць людзей на алтары матэрыяльных выгод”. Дабрачыннасць павінна суправаджацца штодзённай малітвай, каб не спусташацца і не зводзіцца да простага актывізму, нагадаў Францішак.

Папа ўзгадаў Маці Тэрэзу з Калькуты і святога Бэнэдыкта Юзафа Лабра ў якасці прыкладаў жыцця, прысвечанага бедным і малітве.

На шляху да Святога года ён заклікаў кожнага стаць пілігрымам надзеі для бедных: “спыніцца, наблізіцца, удзяліць трохі ўвагі, усміхнуцца, пагладзіць, сказаць словы суцяшэння...” Мы пакліканы пры любых абставінах сябраваць з беднымі, прытрымліваючыся прыкладу Езуса, які першым праявіў з імі салідарнасць, і пад абаронай Панны Марыі, “перакананыя, што наша малітва ўзнясецца да нябёсаў і будзе пачутая”, - напісаў Францішак.

13 чэрвеня 2024, 13:15