Францішак будучым нунцыям: спрыяць дыялогу і бараніць ахвяр вайны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
7 чэрвеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі выкладчыкаў і навучэнцаў Папскай касцёльнай акадэміі – навучальнай установы, у якой ужо на працягу трох стагоддзяў праходзяць падрыхтоўку будучыя нунцыі – дыпламатычныя прадстаўнікі Святога Айца. Пра змест сустрэчы паінфармавала ватыканская газета L’Osservatore Romano.
Пантыфіку былі прадстаўлены 14 выпускнікоў акадэміі, якія рыхтуюцца адправіцца на год місійнага служэння. Гэты элемент увёў у вучэбную праграму Францішак. Ён нагадаў, што будучыя дыпламаты Святога Пасаду павінны фармавацца ў блізкасці да Божага народа, у прыватнасці, на аддаленых місійных тэрыторыях. Гэта будзе для іх супрацьяддзем ад духоўнай свецкасці, пагроза якой можа быць звязана з дыпламатычным служэннем, перакананы Папа.
Святы Айцец пажадаў, каб будучыя дыпламаты былі кемлівымі і пабожнымі, мелі глыбокія адносіны з Богам. Ён згадаў па важнасць служэння нунцыяў у зонах узброеных канфліктаў і іх намаганняў па спрыянні дыялогу і абароне ахвяр вайны, згодна з прынцыпамі гуманітарнага права. Папа заахвоціў сваіх гасцей заўсёды заставацца пастырамі, якія не стамляюцца прабачаць усё вернікам падчас удзялення сакрамэнту споведзі.