Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа: клапаціцца не толькі пра чалавека, але і пра стварэнне

Задача хрысціяніна – клапаціцца не толькі пра людзей, але і пра прыроду, пра ўвесь сусвет. З такім пасланнем звярнуўся да вернікаў Францішак з нагоды Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння, які будзе адзначацца 1 верасня 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сёлетняя тэма – Спадзявацца і дзейнічаць з стварэннем – узятая з паслання святога Паўла да рымлянаў (8, 19-25), дзе апостал тлумачыць, што значыць жыць у Святым Духу, з цвёрдай надзеяй на збаўленне, якая нараджаецца з веры ў Хрыста.

Роля Святога Духа

Напачатку паслання Францішак прапанаваў вернікам паразважаць над такім пытаннем: Як мы прыйшлі да веры? На яго думку, гэта адбылося “не проста таму, што мы верым у нешта трансцэндэнтнае, непадуладнае розуму, у неспасціжную таямніцу далёкага, нябачнага і безназоўнага Бога”, а хутчэй, таму што ў нас жыве Святы Дух, таму што “любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога” (Рым 5, 5), які пастаянна падахвочвае нас да дабра, да творчай і актыўнай дабрачыннасці.

Святы Дух пераконвае вернікаў у Божай любові, у тым, што яны з'яўляюцца дзецьмі Божымі і могуць звяртацца да Яго са словамі “Абба, Ойча!” (Рым 8:15), як гэта рабіў Езус. Больш за тое, яны могуць рабіць гэта свабодна, як тыя, хто больш не адчувае страху смерці, бо Езус уваскрос з мёртвых. “У гэтым наша вялікая надзея: Божая любоў перамагла і працягвае перамагаць над усім. Сапраўды, нават перад тварам фізічнай смерці будучая слава ўжо забяспечана тым, хто жыве новым жыццём Святога Духу”, - гаворыцца ў пасланні Францішка.

Хрысціянскае жыццё і клопат пра Маці-Зямлю

Жыццё хрысціяніна – гэта жыццё веры, актыўнай дабрачыннасці і надзеі. Вера – гэта дар, плён прысутнасці ў нас Святога Духа, але таксама і задача – сведчыць пра сваю веру, клапоцячыся не толькі пра змучанае чалавецтва, але і пра ўвесь сусвет, пра прыроду і oikos, пра наш агульны дом і навакольнае асяроддзе. Клопат пра стварэнне як пра зямны рай, які павінен быць месцам радасці і шчасця для ўсіх, адлюстроўвае хрысціянскі аптымізм, заснаваны на жывой надзеі, што ўсё ўладкавана на славу Божую.

Стогны і пакуты стварэння

Тым не менш, “усё стварэнне разам стогне і нараджае ў пакутах ажно да цяперашняга часу” (пар. Рым 8, 19-22), стогнем і мы, хрысціяне (23-25), стогне Святы Дух (26-27). Гэтыя стогны выказваюць трывогу і пакуты разам з гарачым жаданнем і надзеяй. “Мы з нецярпеннем чакаем выканання Божай задумы, якая заключаецца ў радасці, любові і міры ў Святым Духу”, - напісаў Папа.

Гармонія суіснавання людзей, заснаваная на ўсеагульным братэрстве, да якой заклікае энцыкліка Fratelli Tutti, павінна таксама распаўсюджвацца на стварэнне. Каб выратаваць наш агульны дом і ўсіх, хто ў ім жыве, неабходна пачуццё адказнасці за гуманную і інтэгральную экалогію, сцвердзіў Папа.

Зло і Збаўленне

“Чаму ў свеце так шмат зла? Чаму так шмат несправядлівасці, так шмат братазабойчых войнаў, у якіх гінуць дзеці, руйнуюцца гарады, забруджваецца навакольнае асяроддзе, спусташаецца Маці-Зямля?” - пытаецца Францішак. Апостал Павел звязвае чалавечы грэх, грэх Адама, са стогнамі стварэння, - тлумачыць ён. Такім чынам, наша Збаўленне Хрыстом дае надзею не толькі чалавецтву, але і ўсяму стварэнню, “усім іншым істотам, якія разам з чалавекам, апынуліся пад ярмом рабства”. Усё стварэнне “вызвалена будзе з няволі тлення”, кажа святы Павел (Рым 8, 21).

Заклік да навяртання

Святы Дух заклікае вернікаў захоўваць пільнасць і гатоўнасць да навяртання, да змены ладу жыцця, каб супрацьстаяць дэградацыі навакольнага асяроддзя. Такое навяртанне прадугледжвае пакору і “адмову ад пыхі тых, хто хоча панаваць над іншымі і над прыродай, ператвараючы яе ў аб'ект маніпулявання”.

Неабходнасць этычных абмежаванняў

Францішак заклікаў людзей добрай волі аб'яднаць намаганні. Неабходна пераасэнсаваць магчымасці чалавека і іх межы. За апошнія дзесяцігоддзі мы дамагліся ўражлівых тэхналагічных поспехаў, але пры гэтым не ўсвядомілі, што ператварыліся ў небяспеку для жыцця многіх істот і нашага ўласнага існавання. Пантыфік падкрэсліў неабходнасць устанаўлення этычных абмежаванняў для тэхналагічных дасягненняў, у прыватнасці штучнага інтэлекту, з тым, каб ён служыў міру і ўсебаковаму развіццю, а не панаванню над чалавецтвам і прыродай.

Тэалагічнае разуменне стварэння

Ахова стварэння – гэта не толькі этычнае, але і тэалагічнае пытанне, паколькі гэта кропка перасячэння таямніцы чалавека і таямніцы Бога. Гэта перасячэнне бярэ свой пачатак у акце любові, з дапамогай якога Бог стварыў людзей у Хрысце. Мы свабодныя менавіта таму, што былі створаны па вобразу Бога. Трансцэндэнтная (тэолага-этычная) матывацыя абавязвае хрысціян спрыяць справядлівасці і міру ва ўсім свеце, не ў апошнюю чаргу праз ўніверсальнае прызначэнне выгод. На карту пастаўлена не толькі наша зямное жыццё, але і, перш за ўсё, наша будучыня ў вечнасці.

Увасобленая вера

Спадзявацца і дзейнічаць з стварэннем азначае жыць увасобленай верай, падзяляць пакуты і надзеі іншых людзей і прадчуваць цялеснае ўваскрасенне. Праз веру і хрост пачынаецца наша жыццё ў Духу, жыццё, якое можа стаць “песняй любові да Бога, чалавецтва і стварэння”, - завяршыў сваё пасланне Святы Айцец.

27 чэрвеня 2024, 12:24