Пошук

Ксёндз Джакама Тантардзіні і кардынал Хорхэ Марыа Берголіа (Рым, 2012 год) Ксёндз Джакама Тантардзіні і кардынал Хорхэ Марыа Берголіа (Рым, 2012 год)  (Paolo Galosi)

Папа напісаў прадмову да зборніка казанняў італьянскага святара

Францішак напісаў прадмову да зборніка казанняў ксяндза Джакама Тантардзіні, які служыў у рымскім касцёле святога Лаўрэнція за мурамі з 2007 па 2012 год. Кніга выйшла пад загалоўкам "Прыемна ўпасці ў абдымкі Сына Божага" (E' bello lasciarsi andare tra le braccia del Figlio di Dio).

Марыя Валодзіна – Vatican News

Пантыфік узгадаў ксяндза Тантардзіні як чалавека вялікай чалавечнасці і веры, які служыў у базіліцы, дзе захоўваюцца рэліквіі святога Лаўрэнція. Францішку запомнілася, што, нягледзячы на хваробу, айцец Джакама захоўваў надзею.

Простыя, але моцныя словы прапаведніка пакінулі глыбокі след у сэрцах шматлікіх вернікаў. Рашэнне апублікаваць тэксты яго казанняў – гэта не толькі даніна памяці ксяндза Тантардзіні, але і магчымасць зноў адкрыць для сябе сутнасць хрысціянскага жыцця.

Францішак адзначыў, што айцец Джакама, які знаходзіўся пад уплывам духоўнасці ксяндза Луіджы Джусані, засяродзіў свае казанні на тэме Божай ласкі, “таму што ўсведамляў, што ініцыятыва Бога заўсёды апярэджвае ўсе нашы намеры” і накіроўвае чалавечыя дзеянні да дабра і міласэрнасці.

Сярод матываў, якія часта сустракаюцца ў яго казаннях – навяртанне Закхея. Гэты евангельскі эпізод  прыводзіцца ў якасці прыкладу трансфармацыі, якая адбываецца з чалавекам пад уплывам ласкавага погляду Езуса.

Ксёндз Тантардзіні быў вядомы сваёй простай мовай, узбагачанай глыбокімі тэалагічнымі і літаратурнымі ведамі: ад святога Аўгустына да Шарля Пегі і святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. Кульмінацыяй яго служэння стала апошняе кранальнае казанне 31 сакавіка 2012 года за некалькі дзён да смерці, калі ён з цяжкасцю сказаў: "Як прыемна ўпасці ў абдымкі Сына Божага". Усё яго жыццё і служэнне былі сканцэнтраваныя ў гэтых словах, якія неслі пасланне надзеі і веры ў Божую ласку, напісаў Святы Айцец.

Вокладка кнігі пропаведзяў ксяндза Джакама Тантардзіні, выдавецтва LEV
Вокладка кнігі пропаведзяў ксяндза Джакама Тантардзіні, выдавецтва LEV
21 чэрвеня 2024, 13:25