Пошук

Папа ў парафіі на ўскраіне Рыма: вучыце моладзь свабодзе і павазе

6 чэрвеня 2024 года Папа наведаў парафію святой Брыгіты Шведскай у раёне Пальмарола, на заходняй ускраіне Рыма. Візіт стаў трэцім этапам ініцыятывы Школа малітвы, якую ён праводзіць у рамках падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На гэты раз сустрэча з вернікамі адбылася не ў парафіяльнай зале ці тэатры, а на пляцоўцы перад гаражнымі памяшканнямі шматкватэрнага дома, у якім пражываюць вернікі. У ёй бралі ўдзел каля 30 сем’яў з дзецьмі, пажылыя людзі, група парафіяльнай моладзі, некалькі эмігрантак з Сенегала, праваслаўны мужчына і старшыня раённай адміністрацыі.

Нечаканы візіт

Святы Айцец прыбыў на рымскую перыферыю ў другой палове дня на белым FIAT 500L. Пра візіт важнага госця жыхары шматпавярховіка даведаліся ў апошні момант. Людзі радасна віталі Папу, рабілі з імі сэлфі, прасілі аб благаслаўленні і малітве. Потым на працягу 45 хвілін Францішак адказваў на розныя пытанні.

Сям’я – кісларод для выхавання дзяцей

Маладым людзям, якія спыталіся як умацаваць сваю веру, Пантыфік адказаў, што “адзіны шлях – гэта сведчанне”. Сужонкам Папа нагадаў пра важнасць сям’і, якая з’яўляецца “кіслародам для выхавання дзяцей”, нават нягледзячы на тое, што ў ёй “таксама бываюць буры”. “Калі бацькі спрачаюцца, гэта нармальна, але трэба, каб яны мірыліся да канца дня, бо “халодная вайна” на наступны дзень – гэта жахліва”, - падкрэсліў Францішак, заўважаючы таксама, што ў сямейным жыцці абавязкова павінны прысутнічаць тры словы: прабач, дазволь і дзякуй.

Сведчыць пра веру праз узаемную любоў

Пантыфік параіў бацькам, якія разышліся, ніколі не казаць дзецям кепска адзін пра аднаго, але вучыць іх павазе. Два бацькі спыталіся ў Папы як захаваць веру ў нашы цяжкія часы і выхаваць у ёй дзяцей. Францішак адказаў ім, што “першая парада – гэта любоў бацькоў адзін да аднаго”. “Дзеці павінны мець магчымасць адчуваць, што мама і тата любяць адзін аднаго”, - сказаў ён, заклікаючы бацькоў не сварыцца на вачах у дзяцей.

Старыя – гэта памяць, а дзеці – абяцанне

Святы Айцец заахвоціў таксама да будавання еднасці ў парафіі. Ён сказаў, што парафія – гэта не муры, а ў першую чаргу супольнасць. На яго думку, “парафія, у якой не слухаюць дзяцей, а пажылыя людзі выкраслены, не з’яўляецца сапраўднай хрысціянскай супольнасцю”. “Не забывайцеся, што старыя – гэта памяць, а дзеці – абяцанне”, - дадаў Францішак.

Жыццю трэба вучыцца дома

Папа таксама падкрэсліў каштоўнасць дыялогу з дзецьмі. “Ніколі не пераставайце размаўляць з імі”, - заахвоціў ён, адзначаючы, што “выхаванне адбываецца праз дыялог”. “Так здзяйсняецца навучанне свабодзе. Дайце ім зразумець, што яны могуць размаўляць пра ўсё. Жыццю трэба вучыцца дома, а не ад іншых, якія могуць навучыць невядома чаму”, - сцвердзіў Пантыфік.

На заканчэнне візіту Святы Айцец падарыў сем’ям ружанцы, а ўсёй супольнасці шматкватэрнага дому абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам, які будзе захоўвацца ў ім як напамін пра сустрэчу.
 

07 чэрвеня 2024, 08:35