Папа: пазбягаць канфрантацыі і рашуча імкнуцца да міру
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Працягваем маліцца за мір, асабліва ва Украіне, Палесціне, Ізраілі”, - сказаў Францішак. Заўважыўшы на плошчы святога Пятра сцяг Ізраіля, Папа адзначыў, што ўжо бачыў яго раніцай на шляху ў касцёл святых сарака мучанікаў. "Гэта заклік да міру! Молімся аб міры! У Палесціне, Газе, на поўначы Конга... Молімся аб міры! Аб міры ў змучанай Украіне, якая моцна пакутуе, хай там наступіць мір!” - пажадаў Францішак.
"Хай Святы Дух прасвятліць розумы кіраўнікоў дзяржаў, уселіць у іх мудрасць і пачуццё адказнасці, каб пазбегнуць любых дзеянняў або слоў, якія спрыяюць канфрантацыі, і замест гэтага рашуча імкнуцца да мірнага ўрэгулявання канфліктаў. Неабходна весці перамовы", - сказаў Святы Айцец.